Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан: апазыцыя аспрэчвае вынікі


БАКУ. Алі Керымлі, адзін з кіраўнікоў блёку Azadliq, заявіў, што блёк не прызнае выніку выбараў з-за вялікай колькасьці парушэньняў. Назіральнікі ад блёку зафіксавалі 21 тыс. парушэньняў.

Хаця пакуль няма афіцыйных вынікаў выбараў, іншы лідэр блёкe й лідэр партыі Musavat Іса Гамбар заявіў, што апазыцыя будзе спрабаваць аспрэчыць вынікі. Azadliq зьвінаваціў некаторыя выбарчыя камісіі ў тым, што на ўчастках выбарцаў адкрыта заклікалі галасаваць за прадстаўнікоў кіруючай партыі, не дапускалі назіральнікаў і не выкарыстоўвалі незмывальнага атраманту для пазнакі пальцаў тым, хто ўжо прагаласаваў. Кіраўнікі партыі ўлады Yeni Azerbaycan (Новы Азэрбайджан) заявілі, што атрымалі 75 месцаў са 125 ў парлямэнце. Аднак два незалежныя exit-polls паказваюць, што Yeni Azerbaycan атрымаў толькі 56 месцаў. Раней Алі Керымлі заяўляў, што ў выпадку махінацыяў на выбарах выведзе сваіх прыхільнікаў на вуліцы.

(Керымлі:) "Мы абаронім правы выбарцаў усімі даступнымі нам канстытуцыйнымі сродкамі. Усе нашыя пратэсты будуць мірныя. Мы не дамо ўладам падставы прымяніць сілу супраць людзей”. За галасаваньнем назіралі 1600 замежных назіральнікаў, у тым ліку дзьве дэлегацыі ад Беларусі, і 17 тыс. мясцовых назіральнікаў. Першыя вынікі выбараў стануць вядомыя празь некалькі гадзінаў. Больш дакладныя – у панядзелак раніцай. Паводле папярэдніх зьвесткаў, у галасаваньні узялі ўдзел каля 40% выбарцаў.
XS
SM
MD
LG