Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Кальварыйскіх могілках Менску адкрыты помнік мастаку Яўгену Куліку


Альгерд Невяроўскі, Менск Мэмарыял з граніту на магіле мастака і ягонай маці паўстаў дзякуючы ахвяраваньням сяброў і родных Яўгена Куліка. Ва ўрачыстасьці адкрыцьця помнікаў бралі ўдзел многія вядомыя ў Беларусі людзі.

6 лістапада на Кальварыйскія могілкі, дзе пахаваны вядомы мастак і адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту Яўген Кулік, прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек -- у асноўным прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама грамадзка-палітычныя дзеячы.

Помнікі з чорнага граніту з крыжамі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на магіле мастака і ягонай маці былі створаныя паводле праекту сябра Яўгена Куліка, жывапісца Віктара Маркаўца. Афіцыйнае адкрыцьцё мэмарыялу, было спэцыяльна прымеркаванае да дзён памяці продкаў “Дзяды”. Жалобны мітынг на Кальварыі вёў выдавец Зьміцер Санько:

(Санько: ) ” Мінула ўжо амаль тры гады, як яго няма з намі. І я, ідучы сюды, думаў, што мы ў ягонай асобе страцілі? Ці творцу, ці грамадзкага дзеяча? Відаць я не памылюся калі скажу, што найперш мы страцілі маральны аўтарытэт”.

Для мастака Аляксея Марачкіна, зь якім Яўген Кулік ствараў мастацкую суполку “Пагоня”, ён таксама застаецца маральным аўтарытэтам, які не даваў збочыць са сьцяжыны беларушчыны:

(Марачкін: ) “ Сьцяжына да Яўгена Куліка і ягонай маці, я думаю, ніколі не зарасьце пакуль мы будзем жывыя. Для мяне гэта мой калега, які не даваў збочыць з аднойчы абранай сьцяжыны беларушчыны”.

Яўген Кулік быў аўтарам праекту варыянтаў бел-чырвона-белага сьцяга і “Пагоні”, якія ў 1991 годзе сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Гаворыць былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які зацьвярджаў нацыянальную сымболіку, а цяпер выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у Беларусі Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “ І што б сёньня ворагі не хацелі, як бы яны не хацелі зьнішчыць памяць аб тым, хто падняў гэты сьцяг у самыя цяжкія часы. Калі наступіла адліга падняў гэты сьцяг, увасобіў і калі зноў пайшла нядобрая рэакцыя ізноў трымаў да апошняй хвіліны жыцьця”.

Верш памяці Яўгена Куліка прачытаў паэт Сяргей Панізьнік. А вось, што сказаў пра мастака старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “ Яўген Кулік, гэта чалавек, які валодаў бездакорным густам, бездакорным пачуцьцём, што трэба для Беларусі, што шкодна, а з чым можна патрываць і пачакаць, а што трэба рабіць першачаргова. Унікальны чалавек, які ведаў сваю місію – жыць дзеля Беларусі”.

Адкрыцьцё помнікаў скончылася сьпевам гімну “Магутны Божа”. Сёньня ж у менскай галерэі Фальварк “Добрыя мысьлі” адкрылася выстава твораў Яўгена Куліка.
XS
SM
MD
LG