Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя не прызнае вынікаў выбараў у Азэрбайджане


БАКУ. Закончылася галасаваньне на паролямэнцкіх выбарах у Азэрбайджане. Галасуючы на сваім участку, прэзыдэнт краіны Ільхам Аліеў заявіў:

(Аліеў:) "У цэлым, выбарчая кампанія прайшла пасьпяхова. Усе кандыдаты мелі роўныя ўмовы. Як вядома, зарэгістравалі каля 2 тыс. кандыдатаў. Гэта паказвае людзям, што працэс выбараў будзе свабодны і празрысты”.

І апазыцыя, і кіруючая партыя заявілі, што мелі месца парушэньні. Партыя ўлады Yeni Azerbaycan (Новы Азэрбайджан) зьвінаваціў апазыцыйны блёк Azadliq (Свабода) ў парушэньнях прынамсі на 10 выбарчых акругах. Azadliq жа зьвінаваціў выбарчыя камісіі на некаторых участках у тым, што выбарцаў адкрыта заклікалі галасаваць за прадстаўнікоў кіруючай партыі, не пускалі на ўчасткі назіральнікаў і не выкарыстоўвалі незмывальнага атраманту для пазнакі пальцаў тым, хто ўжо прагаласаваў. Амбасадар ЗША ў Азэрбайджане, Рына Харніш, адведаўшы адзін з выбарчых участкаў, заявіў:

(Харніш: ) “Гэтыя выбары – ня проста дзень галасаваньня. Ім папярэднічалі 8 месяцаў падрыхтоўкі. Было ўсялякае – у добрае, і кепскае. Але мне здаецца, што ў цэлым падрыхтоўка да выбараў была добрасумленнай. Можна спадзявацца, што 6 лістапада стане гістарычнай датай для Азэрбайджану”.

На 125 месцаў у парлямэнце прэтэндуюць паўтары тысячы кандыдатаў. За галасаваньнем назіралі 1600 замежных назіральнікаў, у тым ліку дзьве дэлегацыі ад Беларусі, і 17 тыс. мясцовых назіральнікаў. Першыя вынікі выбараў стануць вядомыя празь некалькі гадзінаў. Больш дакладныя – у панядзелак раніцай. Паводле папярэдніх зьвесткаў, у галасаваньні узялі ўдзел каля 40% выбарцаў. Паводле закону, выбары будуць прызнаныя сапраўднымі пры любой колькасьці пададзеных галасоў. Алт Керымлі, адзін з кіраўнікоў блёку Azadliq, заявіў, што блёк не прызнае выніку выбараў з-за вялікай колькасьці парушэньняў. Назіральнікі ад блёку зафіксавалі 21 тыс. парушэньняў і махлярства.

Раней Керымлі заяўляў, што ў выпадку махінацыяў на выбарах выведзе сваіх прыхільнікаў на вуліцы.

(Керымлі:) "Мы абаронім правы выбарцаў усімі даступнымі нам канстытуцыйнымі сродкамі. Усе нашыя пратэсты будуць мірныя. Мы не дамо ўладам падставы прымяніць сілу супраць людзей”.
XS
SM
MD
LG