Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе заяву да беларускага кіраўніцтва


Алена Струвэ, Менск Рада міністраў замежных справаў ЭЗ мае намер папярэдзіць афіцыйны Менск адносна сытуацыі з правамі чалавека, якая назіраецца ў краіне напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Сустрэча кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў адбудзецца ў Брусэлі ў панядзелак 7 лістапада. Напярэдадні падстаўнікі эўрапейскага дыпляматычнага корпусу ўзгаднілі тэкст сумеснай заявы ЭЗ да беларускага кіраўніцтва, паведамляе сёньняшняя бельгійская Euobserver.

Як піша брусэльскае выданьне Euobserver, беларуская праблематыка ня ёсьць цэнтральнай ў парадку дня Рады эўрапейскіх міністраў. Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў маюць намер правесьці беларускія дэбаты цягам адной гадзіны. Аднак тое, што беларуская праблематыка вынесеная на такі высокі ўзровень, трэба разглядаць як адпаведны сыгнал Брусэля да беларускага кіраўніцтва. Як вынікае з тэксту заявы, якую цытуе сёньняшні Euobserver, ЭЗ спадзяецца на тое, што будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць свабодна і празрыста, да таго ж пад наглядам міжнародных назіральнікаў.

Выказваюцца спадзяваньні і на тое, што ў краіне спынецца ціск на незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі, адной зь якіх ёсьць Саюз беларускіх палякаў. Адначасна Брусэль папярэджвае, што ў тым выпадку, калі падобныя прапановы будуць праігнараваныя, ён гатовы пайсьці на пэўныя захады. Размова ідзе пра працяг візавых санкцыяў супраць шэрагу адказных беларускіх чыноўнікаў.

Паводле бельгійскага выданьня, эўрапейскія міністры маць намер прапанаваць Эўракамісіі некалькі іншыя падыходы ў фінансаваньні праектаў, зьвязаных зь Беларусьсю. А менавіта накіроўваць грошы не ў такія фармальныя структуры кшталту ТАСІС, чые праграмы афіцыйны Менск мае магчымасьць заблякаваць, а ў больш гнуткія арганізацыі, напрыклад, Эўрапейскую ініцыятыву правоў чалавека і дэмакратыі. Эўрапейскія міністры таксама выступаюць за тое, каб назіральнікі ад АБСЭ мелі поўны доступ да выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі ўключна да ліпеня 2006, а таксама да галасаваньня.

“Мы павінны пераканацца, што кандыдатам ад апазыцыі дазваляюць правесьці выбарчую кампанію”, паведаміў Euobserver польскі дыплямат. Як заявіла выданьню прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Удвін, “сытуацыя ў Беларусі не палепшылася”. Польскі дыплямат да гэтых словаў дадаў: “У Беларусі справы нават горшыя за тыя, да якіх мы прызвычаіліся пры камуністах”

Як непасрэдныя суседзі Беларусі Польшча і Літва ёсьць галоўнымі прыхільнікамі акцыяў ЭЗ, накіраваных супраць афіцыйнага Менску, піша Euobserver. Паводле спадарыні Эмы Удвін, беларускае пытаньне апошнім месяцам становіцца “цэнтральным інтарэсам для большасьці сябраў Эўрапейскага Зьвязу”.
XS
SM
MD
LG