Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі дзевяты дзень працягваюцца пагромы


Сьвятлана Курс, Прага Пагромы арганізаваныя імігранцкай моладзьдзю. Разьюшаныя маладзёны спалілі каля 1500 аўтамабіляў, падпалілі мноства будынкаў. Паліцыянты затрымалі каля 300 падазраваных у арганізацыі бунтаў, аднак закалота толькі пашырылася - з парыскіх прадмесьцяў на Рэнн, Дыжон і Нант.

Адны прадстаўнікі ўлады заклікаюць да жорсткіх мераў, іншыя ж кажуць пра сацыяльны адчай бунтаўнікоў.

Маладзёны – збольшага імігранты з афрыканскіх краінаў -- разьбіваюць усё, што нагадвае ім пра жыцьцё добрапрыстойных буржуа. Палаюць аўтамабілі, банкі, крамы, вялікія склады й фірмы. Учора паліцыя прымяніла спэцназ і верталёты.

У П’ерфіце ля Парыжу давялося эвакуяваць сотню чалавек, чый дом згарэў ушчэнт. Ня ходзяць многія цягнікі: баяцца нападаў. Страты склалі многія мільёны даляраў. Гэты кацёл награваўся доўга: урад ігнараваў напружаньне ў прадмесьцях, населеных імігрантамі.

Высокае беспрацоўе, злачыннасьць і сацыяльная пагарда зрабілі з прадмесьцяў гета, якія паўсталі 9 дзён таму. Міністар унутраных справаў Нікаля Сарказі, якога жорстка крытыкуюць з усіх бакоў, зрабіў некалькі рэзкіх заяваў супраць мусульманска-афрыканскіх імігрантаў. Зь ім таемна салідарныя многія французы.

Прэм’ер Францыі дэ Вільпэн ўчора сустрэўся з 16 прадстаўнікамі бунтаўнікоў. Яны распавялі яму, што бунтуюць студэнты, беспрацоўныя й нізкааплатныя работнікі.

Левыя ідэі, традыцыйна папулярныя ў Францыі, у спалучэньні з адчаем насельнікаў гета выклікалі найбольшае хваляваньне за апошняе дзесяцігодзьдзе. Падставай для бунтаў паслужыла сьмерць двух падлеткаў 15 й 17 год, якія згарэлі ад удару токам, хаваючыся ў трансфарматарнай будцы ад паліцыі.

У Францыі растуць антыэмігранцкія й антымусульманскія настроі. Француская прэса і грамадзтва разумеюць, што жыцьцё прыгарадаў стала невыносным для іх насельнікаў, але не прымаюць такога спосабу палепшыць сваё становішча.
XS
SM
MD
LG