Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку новыя паўнамоцтвы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў і юрыст Сяргей Балыкін.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкі ўказ №520 “Аб удасканаленьні прававога рэгуляваньня асобных адносін у эканамічнай сфэры” перадае кіраўніку дзяржавы шэраг паўнамоцтваў, якія знаходзіліся ў сфэры кампэтэнцыі іншых дзяржаўных органаў. У чым сэнс гэтага ўказу? У каго Лукашэнка забірае паўнамоцтвы? У Нацыянальнага сходу? Ці ўраду?”

(Валеры Фадзееў: ) “У афіцыйным камэнтары сказана, што гэта сыстэматызацыя паўнамоцтваў прэзыдэнта. Але ж насамрэч гэта ня проста сыстэматызацыя, а яшчэ надзяленьне яго дадатковымі паўнамоцтвамі. Мы бачым, што да прэзыдэнта перайшла частка паўнамоцтваў парлямэнту. Я ўжо не кажу пра ўрад. Вывучыўшы тэкст указу, мы ўбачым, што нават калі нейкія пытаньні будуць рэгулявацца не выключна актамі прэзыдэнта, а, напрыклад, актамі прэзыдэнта і парлямэнту, то акты прэзыдэнта стаяць на першым месцы. Такім чынам, парлямэнт абмяжоўваецца ў сваіх правах.

Трэба ўлічваць яшчэ такую акалічнасьць. Паводле Канстытуцыі і заканадаўства Беларусі законы маюць вяршэнства над актамі прэзыдэнта толькі ў тым выпадку, калі паўнамоцтвы на выданьне актаў прэзыдэнта былі нададзены законамі. А ў дадзеным выпадку не было закону, які б надаваў такія паўнамоцтвы. І такім чынам, гэты прэзыдэнцкі акт будзе стаяць вышэй за законы. І нават калі б правяраў гэты ўказ Канстытуцыйны суд на прадмет ягонай канстытуцыйнасьці, то ён правяраў бы толькі на яго адпаведнасьць Канстытуцыі, а не законам. Такім чынам можна сказаць, што гэта прамое пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, прычым, праведзенае ім самім”.

(Сяргей Балыкін: ) “Кіраўнік дзяржавы ні ў каго ніякіх паўнамоцтваў не забірае. Бо дэ-факта ён і меў гэтыя самыя паўнамоцтвы. Што тычыцца паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу, то ён у нас даўно вырадзіўся ў дэкаратыўны прадстаўнічы орган, які толькі штампуе тое, што ўносіць урад ці кіраўнік дзяржавы. Урад у нас падпарадкаваны Лукашэнку. Яму ж фактычна падпарадкаваная і судовая ўлада. Ён таксама забраў паўнамоцтвы і ў мясцовых органаў улады. Як кіраўнік дзяржавы Лукашэнка заўсёды мог рабіць тое, што хацеў”.

(Карбалевіч: ) “Якія практычныя наступствы можа мець гэты ўказ? Што ён дадае да паўнамоцтваў Лукашэнку? Што ён хоча рэгуляваць яшчэ?”

(Фадзееў: ) “Тут вызначана шырокае кола паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы ў шмат якіх пытаньнях — найперш, эканамічных. Ён нават бярэ на сябе вызначэньне асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта вельмі важная сфэра. Можна меркаваць, што афіцыйныя органы патлумачаць гэта такім чынам: указ дае магчымасьць вырашаць пытаньне апэратыўна. Але ёсьць праблема. Не заўсёды апэратыўнасьць — добра.

Ва ўказе прадугледжана, што і падаткі будуць уводзіцца прэзыдэнцкімі актамі. Хоць у Падатковым кодэксе абазначаны і агульнарэспубліканскія, і мясцовыя падаткі. Праўда, гэтыя нормы павінны былі ўвесьці ў дзеяньне адначасова з другой часткай Падатковага кодэксу. То бок, яны яшчэ не працуюць. Але, відаць, пад гэты ўказ будуць уносіцца зьмены ў Падатковы кодэкс. Таму, з аднаго боку, гэта можа будзе і абазначаць нейкую апэратыўнасьць. А зь іншага боку, гэта можа азначаць і нестабільнасьць заканадаўства, якое рэгулюе гэтыя адносіны”.

(Балыкін: ) “Я пагаджуся з спадаром Фадзеевым, што апэратыўнасьць — гэта не заўсёды добра. Мяркую, што Лукашэнка скарыстае сваё права ўводзіць падаткі. Ён фактычна ўжо ўводзіў падаткі. Напрыклад, прэзыдэнцкі ўказ аб адзіным падатку. Але ж гэты ўказ неяк легалізуе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. І гэта будзе мець кепскія наступствы для прадпрымальнікаў, суб’ектаў гаспадараньня — таму што губляецца стабільнасьць падатковага заканадаўства.

Калі падатковыя законы праходзілі праз парлямэнт, нават калі іх уносіў прэзыдэнт, то была пэўная працэдура. Гэта патрабавала пэўнага часу. І ў суб’ектаў гаспадараньня была магчымасьць пазнаёміцца з праектам, падрыхтавацца да яго ўвядзеньня. А цяпер кіраўнік дзяржавы можа нават увесьці новыя падаткі заднім чыслом, і пачнуць іх зьбіраць”.

(Карбалевіч: ) “За апошнія амаль паўтара месяца гэта трэці прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога кіраўнік дзяржавы надае сабе ўсё новыя паўнамоцтвы. Напрыклад, паводле ўказу №426 ад 12 верасьня кіраўнік дзяржавы надзяляе сябе правам вызваляць людзей ад крымінальнай адказнасьці за эканамічныя злачынствы. Потым быў указ, які даваў яму паўнамоцтвы вызваляць ад эканамічнай адказнасьці. І вось новы дакумэнт. Хоць, здавалася б, у руках Лукашэнкі і так сканцэнтраваная ўся ўлада. Так званы парлямэнт — цалкам кішэнны. Урад у Беларусі тэхнічны, любога міністра кіраўнік дзяржавы можа паправіць. Тым ня менш, ствараецца ўражаньне, што ў дзеяньнях кіраўніка дзяржавы мы назіраем нейкія ліхаманкавыя крокі да яшчэ большай канцэнтрацыі ўлады. Чым гэта можна патлумачыць?”

(Фадзееў: ) “Гэтая традыцыя тут існуе даўно. Ідзе пашырэньне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Гэта зноў жа ўлады могуць патлумачыць, што гэта патрэбна для апэратыўнага кіраваньня, прыняцьця рашэньняў і іншага. Але насамрэч трэба сказаць, што прынцып падзелу ўладаў парушаны і працягвае парушацца”.

(Балыкін: ) “Як кажуць, мала ўлады не бывае. І натуральна, што асоба, паўнамоцтвы якой ніяк не стрымліваюцца, імкнецца набыць іх яшчэ больш. Калі б у нашай дзяржаве існаваў сапраўдны падзел уладаў, была сыстэма стрымліваньня і працівагаў уладзе прэзыдэнта ў выглядзе парлямэнту, народу, суду, то кіраўніку дзяржавы не далі б набыць сабе больш паўнамоцтваў, нават калі б ён і імкнуўся да гэтага. А калі імкненьне Лукашэнкі да ўсё большай улады нічым ня стрымліваецца, дык чаму ж не пашырыць уласных паўнамоцтваў?

І яшчэ адзін аспэкт гэтага пытаньня. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. І Лукашэнку трэба легалізаваць свае паўнамоцтвы, якія ў яго былі дэ-факта. Таму што вынік выбараў можа быць усялякі. Ён можа быць выбраны на новы тэрмін, а можа і страціць уладу. І калі яму давядзецца несьці адказнасьць — а я спадзяюся, што такі момант наступіць — цяперашні лідэр можа ў сваё апраўданьне даць гэтыя нарматыўныя акты, якія надаюць яму гэтыя паўнамоцтвы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, лёгіка функцыянаваньня рэжыму асабістай улады штурхае Лукашэнку да таго, каб забіраць сабе ўсё больш паўнамоцтваў. Узьнікае пытаньне: ці есьць у гэтым працэсе нейкая мяжа? Калі так будзе працягвацца, то хутка ён забярэ сабе паўнамоцтвы дырэктараў прадпрыемстваў, старшыняў калгасаў, начальнікаў ЖЭСаў. Але як у такім разе будзе існаваць і працаваць дзяржаўны мэханізм?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG