Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кожнаму беларусу – па новым процівагазе?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі прапануе зьмены ў сыстэме грамадзянскай абароны. У тым ліку плянуецца замяніць процівагазы, якія з савецкіх часоў падрыхтаваныя для ўсіх грамадзянаў краіны, на новыя беларускай ці расейскай вытворчасьці.

Кожнаму грамадзяніну Беларусі на выпадак вайны ці тэхнагеннай катастрофы прадугледжаны процівагаз. Амаль 10 мільёнаў процівагазаў захоўваюцца на адмысловых складах у кожным адміністрацыйным раёне краіны, паведамляюць у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі.

“Міністэрства прапануе замяніць гэтыя процівагазы на новыя”,– заявіў Радыё Свабода намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Барыс Барынгольц. Паводле намесьніка міністра, у міністэрстве яшчэ не вызначыліся, якому процівагазу аддаць перавагу.

(Барынгольц: ) “Распрацоўка нашага Ваенпраму ўжо ёсьць, але вытворчасьць яшчэ не пачалася. Можам і ў Расеі закупіць. Але замена мусіць быць, тэрміны ужо вялікія. Пасьля экспэртызаў прыйдзецца мяняць. 10 мільёнаў зможам замяніць за 5 гадоў”.

Паводле Барыса Барынгольца, новы процівагаз беларускай вытворчасьці больш лёгкі і прыдатны. Шлянгу ў яго няма, а фільтар зьмяшчаецца адразу пад гумавай маскай.

(Барынгольц: ) “Пярэдняя частка і ўнізе скрыня зь фільтрам. Фільтры зьменныя ў залежнасьці ад аварыі. Хімічная – адна скрыня, радыяцыйная – іншы фільтар”.

Праграма ўдасканаленьня грамадзянскай абароны, якую прапануе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, прадугледжвае таксама зьмены ў сыстэму інфармаваньня грамадзянаў аб небясьпецы. Дзеля гэтага зараз плянуецца выкарыстоўваць і мабільныя тэлефоны грамадзянаў.

“Найперш гэта прадугледжана ў раёнах найбольшай рызыкі, прыкладам, непадалёк ад атамных электрастанцыяў”, – патлумачыў намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Барыс Барынгольц.

***

У 1960-я гады процівагазы са сродку абароны вайскоўцаў сталі сродкам абароны ўсіх грамадзянаў на выпадак ядзернай вайны. Да аварыі на Чарнобыльская атамнай станцыі шмат хто ў Беларусі лічыў, што процівагазы ужо непатрэбныя. Новы імпульс тэме абароны грамадзянаў Беларусі ад патэнцыйнай небясьпекі з дапамогай процівагазаў прыпаў на пэрыяд абвастрэньня адносінаў з Захадам падчас праўленьня Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG