Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка "Партнэрства" выйдзе на волю на 5 сутак раней


Любоў Лунёва, Менск Намесьніцу старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Эніру Браніцкую, якая адбывае арышт у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, выпусьцяць на волю на 5 сутак раней.

Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку і Аляксандра Бондарава суд Цэнтральнага раёна пакараў арыштам на 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай уладамі ўстаноўчай канфэрэнцыі ў кінатэатры “Цэнтральны”.

Менскі гарадзкі суд разгледзіў скаргу адвакаткі Веры Страмкоўскай, якая абараняла лідэра “Партнэрства” Міколу Астрэйку і яго намесьніцу Эніру Браніцкую. У скарзе абаронца прасіла гарадзкі суд адмяніць пастанову раённага суду, спасылаючыся на тое, што арышт за правядзеньне ўстаноўчага сходу незаконны.

Суд часткова задаволіў толькі скаргу ў дачыненьні Эніры Браніцкай, хворай на хранічную язву. Дзяўчына будзе адбываць пакараньне не 15, а 10 сутак.

Сябар “Партнэрства” Цімафей Дранчук лічыць, што судзьдзя папросту пашкадавала дзяўчыну.

(Дранчук: ) “У любым выпадку гэта нельга лічыць перамогай, бо перамога заключалася б выключна ў тым, каб Эніру апраўдалі. Тое, што адбылося, сьведчыць аб тым, што судзьдзі выдатна разумеюць, што прысуд – 15 сутак – быў абсалютна незаконны. Пры гэтым адмяніць яго яны ня могуць, бо ўсе выдатна ведаюць хто прызначае судзьдзяў у нашай краіне. Таму я лічу, што судзьдзя Менскага гарадзкога суду паспрабавала знайсьці такую цэнтральную нэўтральную пазыцыю. Часткова ў яе гэта атрымалася, але прысуд застаецца незаконным. Мы будзем яго й надалей абскарджваць”.

Эніра Браніцкая выйдзе на волю раніцай 8 лістапада. Мікола Астрэйка і Аляксандр Бондараў – 13-га.
XS
SM
MD
LG