Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла: “Рэжым вядзе бязьлітасную вайну супраць усяго беларускага”


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк 5 лістапада ў Нью-Ёрку адбудзецца 25-я сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Напярэдадні старшыня Рады БНР расказала Радыё Свабода пра пляны Рады БНР.

Згодна са статутам Рады БНР, сэсія зьбіраецца раз на два гады, каб вызначыць палітычныя прыярытэты сваёй дзейнасьці. Распавесьці пра цяперашнюю сэсію я папрасіла Старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу:

(Івонка Сурвіла: ) “Як і на кожнай сэсіі Рады БНР, вельмі важным пунктам парадку дня ёсьць плян працы на наступны пэрыяд. А праца перад намі велізарная. Асабліва беручы пад увагу маскоўскія намаганьні ажыцьцявіць ганебную дамову з Лукашэнкам адносна "саюзу" Беларусі з Расеяй, і беручы пад увагу бязьлітасную вайну, якую рэжым вядзе супраць усяго беларускага. Як заўсёды.

Рада будзе берагчы ўсімі магчымымі і даступнымі спосабамі ідэалы акту 25 сакавіка, а гэта – Незалежнасьці і дэмакратычны лад у Беларусі. Хачу падкрэсьліць, што нашыя мэты празрыстыя: Рада змагаецца выключна за лепшую долю беларускага народу.

Беларуская дыяспара нас падтрымоўвае ў гэтым змаганьні. Але мы ня ёсьць ніякай "эміграцыйнай арганізацыяй", як некаторыя нас любяць называць, а той самай Радай БНР, якая была змушаная пакінуць свой край перад савецкай навалай, і якая ад таго часу змагаецца за вольную, дэмакратычную і незалежную беларускую дзяржаву”.

На сэсіі будуць таксама абмеркаваныя вынікі сустрэчаў, якія ў апошні час сябры Рады БНР правялі з эўрапейскімі і амэрыканскімі палітыкамі ў справе дапамогі незалежніцкім сілам ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG