Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа апазыцыя выйграць выбары ў Азэрбайджане?


Сьвятлана Курс, Прага У гэтую нядзелю, 6 лістапада, адбудуцца выбары ў парлямэнт Азэрбайджану. Апазыцыя ўскладае на іх надзеі дэмакратызацыі краіны, хаця перадвыбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах шальмаваньня апазыцыі ды манапалізацыі ўрадам мэдыяў.

"Галасуйце за мяне, і я данясу ваш голас да Эўропы", кажа Наіра Шахтахцінская, сябра парлямэнцкай дэлегацыі Азэрбайджану ў Радзе Эўропы. Закон гарантуе чатыром галоўным блёкам і партыям па чатыры хвіліны вольнага часу штодня. Гэтае новаўвядзеньне вітае апазыцыя й міжнародныя назіральнікі. Але Матыльда Банье з праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch" лічыць, што для справядлівай выбарчай кампаніі зроблена далёка ня ўсё:

(Банье: ) “Урад зрабіў добры крок, даўшы эфірны час кандыдатам ад апазыцыі нароўні з кандыдатамі ад партыі ўлады. Аднак па-за гэтым выразна відаць, што СМІ працуюць на ўрад. АБСЭ зладзіла маніторынг агульнанацыянальных тэлеканалаў і выявілася, што на іх пераважаюць праўладныя кандыдаты”.

Гірт Арэнс, кіраўнік місіі назіраньня АБСЭ ў Азэрбайджане, кажа:

(Арэнс: ) "Калі глядзець навіны ў прайм-тайм, то бачна, што ўся ўвага надаецца прэзыдэнту, менш – партыі ўраду EАП і вельмі мала – апазыцыі. Усё, што гаворыцца пра апазыцыю – адмоўнае, а гэта, натуральна, цалкам непрымальна”.

За выключэньнем прыватнага каналу АНС, астатнія СМІ прапануюць выбарцам інфармацыйную дыету. Апошнія некалькі дзён запар паказвалі пакаяньне міністраў і чыноўнікаў, якія быццам бы бралі ўдзел у дзяржаўным перавароце, рыхтаваным апазыцыяй.

Націк Мамедаў, сакратар ЦВК Азэрбайджану, адпрэчвае прадузятасьць прэсы.

(Мамедаў: ) "Магчыма, ёсьць некаторая праўда ў сьцьверджаньні, што праўрадавая партыя і апазыцыйныя партыі няроўна асьвятляюцца ў СМІ. У апазыцыі значна менш кандыдатаў, чым ва ўрадавай партыі, вось і атрымліваецца розьніца ў эфірным часе”.

Праблема аднак значна глыбейшая. У Азэрбайджане далёка ня ўсе разумеюць, што прэзыдэнт ня мае законнага права ўмешвацца ў перадвыбарчую кампанію. Аднак Ільхам Аліеў за тры дні да галасаваньня ў навінах прайм-тайм заявіў, што, калі апазыцыя пройдзе ў парлямэнт, то разьвяжа грамадзянскую вайну ў краіне.

Прэзыдэнт называў апазыцыйных кандыдатаў “мафіёзі” альбо сьцьвярджаў, што ад іх “патыхае нафталінам”.

І ўсё ж выбары ў гэтую нядзелю могуць атрымацца спаборныя, нават пры абмежаваньнях свабоды слова й памылках выбарчага заканадаўства.

Шэсьцьсот замежных назіральнікаў і тысячы мясцовых бяруць удзел у выбарах. Exit polls будуць весьціся ў 65 акругах.

Магчыма, найвялікшы вораг апазыцыі – грамадзкая апатыя.

Гл. таксама • А.Бяляцкі: “Апазыцыя Азэрбайджану ўвязалася ў барацьбу на поўным сур''ёзе”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG