Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Sueddeutsche Zeitung": Беларусь – белая пляма на турыстычнай мапе


Алена Струвэ, Менск За выключэньнем Беларусі па ўсёй Усходняй Эўропе назіраецца сапраўдны бум турызму, піша нямецкая "Sueddeutsche Zeitung". Год таму журналісты выданьня адмыслова накіраваліся ў гэты рэгіён з тым, каб адкрыць сваім чытачам новыя турыстычныя маршруты. Як пішуць аўтары сёньняшняй публікацыі, нягледзячы на тое, што паводле свайго ляндшафту Беларусь нагадвае Польшчу, адпачываць ў гэтае ўсходнеэўрапейскай краіне летась вырашылі толькі 350 тысячаў турыстаў, у той час як у Польшчы – 14 мільёнаў.

Справа зусім не ў ляндшафце і не ў адсутнасьці гістарычных помнікаў, піша "Suedddeutsche Zeitung". Усё гэта – цудоўная прырода, сярэднявечныя рыцарскія замкі, старажытныя каталіцкія і праваслаўныя цэрквы, кляштары – у Беларусі ёсьць.

Справа – у адсутнасьці сапраўдных прапановаў для замежных турыстаў ды ў тым, што гэтая краіна нават вонкава адпавядае іміджу “апошняй дыктатуры Эўропы”. Тыпова савецкая рэчаіснасьць ня робіць Беларусь прыцягальнай для масавага турызму. Шмат цэнтральных забудоваў у беларускай сталіцы праслаўляюць камуністычнае мінулае. На пастамэнце перад Домам ураду – па-ранейшаму ўзвышаецца помнік Леніну, адзін з самых імпазантных будынкаў на галоўным праспэкце належыць Камітэту дзяржаўнай бесьпекі, які, дарэчы, так па-ранейшаму і завецца КГБ.

Беларускія крамы, піша далей "Sueddeutsche Zeitung", таксама напамінаюць пра старую савецкую сыстэму. У іх мала што нагадвае звычайны эўрапейскі шопінг, калі прыходзіш, выбіраеш і аплачваеш. Спачатку трэба заняць чаргу, каб прадавачка, традыцыйна з дрэнным настроем, паказала б табе адпаведны тавар і назвала б ягоную цану (гэта яна робіць выключна на сваёй роднай мове). Потым табе трэба выстаяць чаргу ў другі раз – ужо ў касу, а потым ізноў заняць чаргу да прадаўшчыцы, каб атрымаць аплачаны тавар.

Як піша мюнхенская газэта, выключэньні з правілаў усё ж ёсьць – на сталічных рынках. Тут прадаўцы нават усьміхаюцца пакупнікам. Апошнім часам у Менску сталі таксама зьяўляцца супэрмаркеты, вельмі падобныя да заходніх аналягаў.

Паводле аўтараў артыкулу, галоўныя славутасьці беларускай сталіцы, якая ў часы Другой усясьветнай вайны была разбураная амаль на 90 адсоткаў, знаходзяцца ў Верхнім горадзе. У гэтым месцы захавалася цікавыя старыя кварталы – вузкія вуліцы, невысокія збудаваньні мінулых стагодзьдзяў. У некаторых з гэтых дамоў месьцяцца рэстаранчыкі, дзе можна пакаштаваць сапраўдную беларускую кухню. Зь Верхняга гораду лёгка ўбачыш добра дагледжаныя афіцыйныя помнікі – Стэлу перамогі і востраў сьлёз – напамін пра аўганскую вайну. Маленькі абэліск у былым менскім гета схаваны паміж дрэвамі і высотнымі будынкамі. Помнік, які б нагадваў пра 100 тысячах ахвяраў сталінскага тэрору, шукаць бессэнсоўна, піша "Sueddeutsche Zeitung".
XS
SM
MD
LG