Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітыкі камэнтуюць заявы А.Лукашэнкі?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня падчас візыту ў Магілёўскую вобласьць кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перакананы ў сваёй перамозе на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году і паведаміў, што ягоная палітыка застанецца нязьменнай. Ён таксама заклікаў тых, хто п’е штодня не галасаваць за яго на выбарах. Як рэагуюць палітыкі на сёньняшнія заявы кіраўніка Беларусі?

Старшыня Нацыянальнага камітэту дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька называе заяву Лукашэнкі вельмі супярэчлівай.

(Лябедзька: ) “Менавіта за 10 гадоў п’янства і алькагалізм у Беларусі дасягнулі свайго росквіту. Так не было нават у савецкія часы.

А з другога боку, прапанова не галасаваць тым, хто п’е – гэта азначае, што ў Аляксандра Рыгоравіча не было б абсалютна ніякіх шанцаў. Таму што сыстэма створаная так, што яна не стымулюе людзей да больш высокага ўзроўню каштоўнасьцей, да лепшага жыцьця. Усё вельмі прымітыўна: кавалачак хлеба, бутэлька гарэлкі альбо прынюхаць рукавом – гэта самая галоўная заваёва.

Я думаю, што Лукашэнка ня здольны выйграць ні з п''яным электаратам, ні з паўцьвярозым электаратам. Ён можа выйграць толькі дзякуючы таму, што створана машына фальсыфікацыяў”.

Кіраўнік штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін лічыць сёньняшнія заявы Лукашэнкі сьведчаньнем няўпэўненасьці ў сабе і ў тым, што людзі яго падтрымліваюць.

(Калякін: ) “Таму ён гаворыць як заклінаньне, што ён абавязкова пераможа, што людзі не памыляцца, ён упэўнены, што яны за яго прагаласуюць. Гэта звычайна кажуць людзі слабыя, якія ня ўпэўненыя ў сваіх сілах і ня ўпэўненыя ў сваёй перамозе”.

Паводле Сяргея Калякіна, А.Лукашэнка канкрэтна намякае, што ён не зьбіраецца аддаваць уладу, і ён працягне сваю сёньняшнюю палітыку. Але ён, фактычна, выказаўся пра Беларусь, якую ён стварыў.

(Калякін: ) “Сёньня многія людзі спрабуюць сысьці ад рэальнага жыцьця, схаваўшыся за гэту чарку, ужо, праўда, у значнай ступені без скваркі. У цэлым, яго палітыка наносіць урон нацыянальным інтарэсам Беларусі. Яна ўжо прывяла да самаізаляцыі Беларусі. Ён яшчэ больш прывядзе да яшчэ больш тупіковага выніку”.

Нагадаем, Лукашэнка заявіў, маўляў, тыя хто сёньня рвецца да ўлады, пасьля развалу Савецкага Саюза ўсё прапілі. Са свайго боку Сяргей Калякін падкрэсьліў, што тады ніхто з гэтых людзей ва ўладзе не знаходзіўся.

(Калякін: ) “У той час Лукашэнка знаходзіўся ва ўладзе і хадзіў пад руку з Кебічам”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, якія аб’явіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, наконт упэўненасьці Лукашэнкі ў перамозе заўважыў:

(Гайдукевіч: ) “Ну гэта ён так думае, а я думаю, я выйграю. Калі ласка, сёньня выступіў прэтэндэнт, выказаў свой пункт гледжаньня, што нехта нешта прапіў. Я не п’ючы чалавек. Ня мог прапіць ніяк”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG