Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін заклікаў эўрапейцаў зьнізіць кошт візаў для беларусаў


Уладзімер Глод, Менск Акрамя таго, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пажадаў, каб эўрапейцы істотна павялічылі колькасьць адмысловых праграмаў для вучняў старэйшых клясаў, студэнтаў і пэнсіянэраў. Адпаведныя прапановы Аляксандар Казулін агучыў на зьезьдзе сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швэцыі ў Мальмё і ў Капэнгагене, дзе праходзілі публічныя слуханьні “Беларусь у Эўропе”.

Паводле Аляксандра Казуліна, палітыкі Эўропы шукаюць новых падыходаў для ператварэньня Беларусі ў дэмакратычную краіну. Цяперашняя палітыка адносна Беларусі, на іх думку, патрабуе значнай карэкцыі:

(Казулін: ) “Трэба разумець, што праблема Беларусі робіцца сёньня адной з самых важных у сацыял-дэмакратаў. А калі ўлічваць яшчэ і спэцыфіку Швэцыі, Даніі, іншых паўночных краінаў, якія блізкія да Беларусі памерамі, колькасьцю насельніцтва, мэнтальнасьцю, дык беларускае пытаньне ня проста выклікала інтарэс, а рабілася сапраўдным болем — чаму Беларусь знаходзіцца ў такім незразумелым стане. Яны па-сапраўднаму зьдзіўляюцца, як такое можа быць у Эўропе, цяпер ужо на пачатку ХХІ стагодзьдзя”.

Спадар Казулін адзначыў, што публічныя слуханьні адносна Беларусі сабралі 200 асобаў: ад палітыкаў да аналітыкаў. Паводле майго суразмоўцы, ён упершыню пачуў аналіз беларускіх справаў, зроблены ня толькі ў чорна-белых колерах:

(Казулін: ) “І натуральна, што складаўся нармальны плян дзеяньняў — як паводзіць сябе з дыктатарам Лукашэнкам, краінай, народам. Ёсьць разуменьне, што гэта трэба абавязкова падзяляць, бо ізаляваць краіну — значыць, рабіць тое, што выгадна Лукашэнку. Яму тады значна зручней працаваць. І гэта ў замежжы пачынаюць разумець. Я, дарэчы, публічна зрабіў прапанову — разгледзець пытаньне аб прыняцьці Беларусі ў Раду Эўропы. Мы многа кажам, што знаходзімся ў цэнтры Эўропы, але насамрэч мы ізгоі. Ня можаце прыняць краіну Беларусь, прыміце народ Беларусі. І гэта стане паказьнікам таго, што Эўропа лічыць нас сваім унутраным арганізмам. І тады, зразумела, адносіны будуць будавацца зусім па-іншаму”.

27 кастрычніка ў аэрапорце “Менск-2” кіраўніка БСДП (Грамада) Аляксандра Казуліна не пусьцілі на борт самалёта, які вылятаў за мяжу. У яго забралі дакумэнты для праверкі — ці не пагражаюць яны нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Аднак Аляксандар Казулін знайшоў іншы шлях, каб патрапіць у Скандынавію:

(Казулін: ) “Якія тут сакрэты! Праз Маскву. Дарэчы, я вёз тыя ж самыя дакумэнты. Яны адкрытыя, я зрабіў копіі. І ніякіх пытаньняў гэта ня выклікала”.
XS
SM
MD
LG