Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Хто п’е штодня — за мяне не галасуйце”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць заявіў, што перакананы ў сваёй перамозе на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Падчас цырымоніі пуску газу ў Глуску Аляксандар Лукашэнка заявіў пра ўпэўненасьць у сваёй перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах і паведаміў, што ягоная палітыка застанецца нязьменнай.

“У выпадку майго абраньня я буду рабіць тое, што рабіў дзесяць гадоў. Я ня буду нікога прасіць галасаваць за мяне. Народ не памыліцца, калі на яго ня ціснуць”, — заявіў кіраўнік краіны. Паводле Лукашэнкі, “справа ня ў тым, выбераце вы мяне ці не… Дзе вы дзенецеся, выбераце, і калі вас задавальняе, то я буду працаваць. Я запрапаную вам свае паслугі, праграму і скажу, што буду рабіць. Беларусы — вельмі разумны народ, і ён разьбярэцца”.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, калі ў выніку выбараў да ўлады прыйдзе “новы чалавек, галоўнае — каб ён праводзіў людзкую палітыку”.

“Я вас не абкрадаў і не падмануў. Паглядзіце, мы ж за гэтыя дзесяць гадоў вылезьлі з такога балота. Мы ж без штаноў засталіся пасьля развалу Савецкага Саюзу. А тыя, хто сёньня рвецца да ўлады, яны ж тады ўсё прапілі”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў Глуску.

Тэму п’янства ён працягнуў у размове зь мясцовымі жыхарамі. “Вы ж гробіце людзей, нацыю. Хто п’е хоць бы празь дзень, у таго нармальных дзяцей ня будзе. З гэтым злом мы будзем змагацца, як з самым страшэнным злом. А то атрымліваецца — напіўся, выпадкова нарадзіў, а ты, Лукашэнка, расьці гэтае дзіця. І такіх дзяцей у краіне 35 тысяч… Хто п’е штодня — за мяне не галасуйце, я з такімі сябраваць ня буду”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь адрозна ад многіх краін, за апошнія дзесяць гадоў не атрымала звонку ніякай дапамогі. “Нам ніхто ня даў ні капейкі. Мы нікому нічога не павінны, і мы сёньня можам спакойна глядзець у вочы эўрапейцам, амэрыканцам і расейцам”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Гаворачы пра інвэстыцыі ў газыфікацыю, ён падкрэсьліў: “Мы ні ў каго не пазычалі гэтых грошай, і мы ня ўлезьлі ў вялізныя мільярдныя даўгі”. У справу газыфікацыі інвэставана каля 1 мільярда даляраў.

Аляксандар Лукашэнка таксама спрагназаваў рост цэн на 15—20% на расейскі прыродны газ пасьля 2006 году. Расея будзе падымаць кошты Беларусі, як і ўсім краінам.

Гл. таксама Лукашэнка: "Справа ня ў тым, выбераце вы мяне ці не. Дзе вы дзенецеся, выбераце..." • Як палітыкі камэнтуюць заявы А.Лукашэнкі?
XS
SM
MD
LG