Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Масква адзначае перамогу над беларусамі ВКЛ як дзяржаўнае сьвята?


Ігар Карней, Менск 4 лістапада ў Расеі ўпершыню адзначаецца Дзень народнага адзінства. Гэта сьвята ўведзена рашэньнем Дзярждумы ў гонар падзеяў 4 лістапада 1612 году. Тады народнае апалчэньне пад кіраўніцтвам ніжагародзкага старасты Мініна і князя Пажарскага вызваліла Маскоўскі Крэмль ад войскаў Рэчы Паспалітай. Многія беларускія экспэрты называюць рашэньне пра новае сьвята неабдуманым, і лічаць, што яно супярэчыць добрасуседзкім стасункам, паколькі аснову “польскага гарнізону” ў Маскве складалі войскі Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторык Аляксей Хадыка рашэньне расейскіх уладаў адзначаць 4 лістапада як дзень выгнаньня з Масквы іншаземцаў ацэньвае такім чынам:

(Хадыка: ) “Калі хочаш пасварыцца з суседам — зрабі галоўным сьвятам перамогу над ім. Гэта тое ж, каб мы абвясьцілі галоўным сьвятам бітву пад Воршай і, запусьціўшы БТ на ўсю Расею, трансьлявалі б парадныя рэляцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Дык якое, на ваш погляд, ва ўсім гэтым месца беларусаў?”

(Хадыка: ) “На той час гэта была агульная дзяржава, і месца беларусаў роўненька такое ж, як і палякаў. З-за сваёй паўнедасьведчанасьці, паўнахабства зрабілі гэта — мяркуючы, што палякаў яны гэтым папіхнулі. Не падумаўшы, што такое сьвяткаваньне абразіць і літоўцаў, і ўкраінцаў, і беларусаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але вялізная колькасьць разумных людзей у Расеі — чаму такі закон быў рэалізаваны?”

(Хадыка: ) “Паводле сваёй яшчэ непераадоленай прыроды Расея ёсьць імпэрыяй. Ёй заўсёды прыемна нагадаць суседзям, што яна калісьці над імі дамінавала. Але гэта, канечне, памылковая палітыка”.

У Маскве таксама неадназначна ацэньваюць новае сьвята. Пісьменьнік-сатырык Віктар Шэндэровіч, як і спадар Хадыка, не разумее: як з аднаго боку можна дэкляраваць блізкасьць беларуска-расейскіх стасункаў, а зь іншага — нагадваць пра сваю “вялікасьць”?

(Шэндэровіч: ) “Калі мы, як сьцьвярджаюць лідэры нашых краінаў, братэрскія дзяржавы, калі паміж намі стасункі сваяцкія і братэрскія, то ўсё гэта падаецца, прынамсі, дзіўным. Справа ў тым, што Расея прывыкла сябе лічыць моцнай краінай. Але нашая сіла ў асноўным выяўляецца толькі ў тым, каб бразгаць зброяй. І гэта, канечне, сумна”.

Найбольш грунтоўна вывучаў ролю беларусаў у маскоўскай кампаніі пачатку 17 стагодзьдзя дасьледчык Анатоль Грыцкевіч. Ягоная выснова: капітуляцыі польска-беларускага войска пад ціскам маскоўскага апалчэньня ў тым сэнсе, як пра гэта гавораць у Расеі, не было.

(Грыцкевіч: ) “Там было, як звычайна, войска ВКЛ перш за ўсё. Якраз палякаў было ня так шмат, але паколькі кароль называўся польскі, дык і пайшло, што “палякі”. Але фактычна, гэта была польска-беларуская акупацыя Маскоўскай дзяржавы”.

(Карэспандэнт: ) “Адзначэньне такога сьвята на дзяржаўным узроўні ў Расеі ўвогуле абгрунтаванае?”

(Грыцкевіч: ) “Сьвята прыцягнутае за вушы. Сёньня Дзень абраза Казанскай Божай маці. Ніхто ні ў гэты, ні ў наступныя дні Крамля не штурмаваў. Проста людзі галадавалі, і здаліся на ўмовах, што іх ня будуць забіваць. 7 лістапада канчаткова перадалі Крэмль апалчэньню. Проста вырашыла Расейская праваслаўная царква мець у дяржаўных сьвятах сваё сьвята. А паколькі яно блізкае — што 7-га, што 4 лістапада, то і сумясьцілі”.

Адзін з прызнаных папулярызатараў старадаўняй гісторыі Ўладімер Арлоў на рэальных прыкладах паказвае “беларускі сьлед” падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у ХVII стагодзьдзі. Прыкладам, у гарнізоне, які расейцы дагэтуль называюць польска-літоўскім, былі два беларускія палкі.

(Арлоў: ) “Адным камандаваў Язэп Будзіла, мазырскі харужы, другім — палкоўнік Эразм Стравінскі, зь менскай шляхты. Так што, там нашых продкаў было процьма. Ну, і дастаткова сказаць, што і сам жа Дзьмітры Самазванец ІІ, паводле адной з вэрсіяў (самай, можа быць, абгрунтаванай) — са Шклова, шклоўскім настаўнікам быў. Я калісьці пісаў пра “шклоўскіх прайдзісьветаў” — ад Ілжэ-Дзьмітрыя і Зорыча да іншых дзеячаў”.

Пасьля сумяшчэньня 4 лістапада дня Памінаньня абраза Казанскай Божай і дня вызваленьня Масквы ад польскай акупацыі, у Расеі больш ня будзе адзначацца Дзень Замірэньня 7 лістапада, які прыйшоў на зьмену гадавінам “Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”. У Беларусі сьвята “Вялікага Кастрычніка” было адноўленае ў 1995 годзе з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі — пасьля таго, як на пачатку 1990-х было скасаванае ў зьвязку са зьменай палітычнай сытуацыі. Беларусь цяпер застаецца адзінай краінай, дзе на дзяржаўным узроўні, як нацыянальнае сьвята, адзначаецца дзень бальшавіцкага перавароту ў Расеі.
XS
SM
MD
LG