Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальны "аўтарытэт" займаў увесь паверх турмы


Кастусь Бандарук, Прага Вязьні ў кіргіскіх турмах кажуць, што прычынай бурных хваляваньняў зьяўляюцца дрэнныя ўмовы ўтрыманьня. Яны скардзяцца на дрэннае харчаваньне і эпідэміі інфэкцыйных хваробаў, такіх як сухоты і СНІД. Аднак гэта тычыцца ня ўсіх зьняволеных. Беспарадкі ў выпраўленчых калёніях і сьледчых ізалятарах паказалі, што на дрэнныя ўмовы ўтрыманьня маюць падставы скардзіцца менавіта шараговыя вязьні, бо крымінальныя аўтарытэты нават за кратамі маюць ўсе выгоды і ўладу.

Аўтаматы і нажы, мабільныя тэлефоны і кампутары з доступам да інтэрнэту, вялікая колькасьць грошай ў далярах і эўра, а таксама наркотыкі, усё гэта маюць лідэры крымінальных груповак званыя “ворамі ў законе”.

Прыкладам Азіз Батукаеў, які адбываў пакараньне ў калёніі №31. Ён займаў увесь паверх турмы, 16 камэраў, у якіх трымаў тры кабылы і 15 козаў. Афіцыйна гэта тлумачылася тым, што з прычыны язвы, ён нібыта павінен піць сьвежае малако.

Калі сілы бясьпекі ўварваліся ў турму, яны былі ў шоку ад таго, што ўбачылі. Пры Батукаеве добраахвотна, быццам бы дома, знаходзіліся жонка і сыны, а таксама целаахоўнікі.

Дарэчы, у ягонай камэры віселі партрэты чачэнскіх лідэраў Шаміля Басаева і Аслана Масхадава, а таксама чачэнскі сьцяг.

Затое астатнія вязьні ў той жа турме пакутавалі ад недаяданьня і хваробаў, што і стала прычынай трох хваляў беспарадкаў пачынаючы з верасьня. Гэта пацьвердзіў лідэр апазыцыйнай партыі Эркіндык, былы дысыдэнт, які сам прасядзеў 7 гадоў ў турме, Тапчубек Тургуналіеў.

(Тургуналіеў: "Там неверагодна жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Найперш – гэта нястача харчаваньня. Калі і ёсьць нейкая ежа, дык гэта баланда, якая ня толькі не корміць чалавека, але проста забівае. Ёсьць калёніі, у якіх кормяць раз на тыдзень. Гэта кашмарныя ўмовы. Другая прычына незадавальненьня вязьняў, гэта перапоўненасьць у камэрах да такой ступені, што вязьням проста не хапае паветра. Я гэта адчуў сам на сабе. У камэрах, дзе павінна быць 5-6 чалавек знаходзілася 17-18".

Іншы вязень, як пабаяўся назваць сваё прозьвішча пацьвердзіў, што вязьні і іхныя блізкія самі забясьпечваюць 85% сваіх патрэбаў і вырабляюць у турме некаторыя рэчы на продаж.

Новае кіраўніцтва Кіргізстану мала ў чым вінаватае, паколькі но атрымала такую пэнітэнцыярную сыстэму ў спадчыну ня зьмененай з савецкіх часоў. У Савецкім Саюзе крымінальны сьвет меў сваю гіерархію, законы і жаргон. “Злодзей у законе” – гэта турэмная арыстакратыя. Сваімі ўплывамі сярод вязьняў крымінальныя аўтарытэты дапамагалі адміністрацыі кантраляваць сытуацыю ў турме, але і карысталіся шэрагам прывілеяў.

На думку намесьніка міністра юстыцыі Сяргея Зубава, раскошнае жыцьцё Азіза Батукаева ў калёніі, гэта вынік карумпаванасьці пэнітэнцыярнай сыстэмы. Паводле Тапчубека Таргуналіева, адміністрацыя турмаў і крымінальныя лідэры дзеляцца прыбыткам з продажу наркотыкаў сярод вязьняў.

Кіргізскія ўлады прызнаюць, што іхняя пэнітэнцыярная сыстэма мае праблемы. У 2002 годзе Міністэрства юстыцыі пераняло турмы ад Міністэрства ўнутраных справаў, але гэта пакуль не дало вынікаў. Пасьля кастрычніцкіх хваляваньняў прэзыдэнт Курманбек Бакіеў абяцаў выдзеліць на пэнітэнцыярную сыстэму 250 тысяч даляраў, але адміністрацыі турмаў яшчэ не бачылі гэтых грошай. Аднак асноўнай перашкодай на шляху рэформаў зьяўляецца вышэй згаданы прыклад крымінальнага боса Батукаева: цесныя ўзаемавыгадныя сувязі паміж адміністрацыяй турмаў і крымінальнікамі.
XS
SM
MD
LG