Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці думае Джэймс Бонд пра Беларусь?


Ігар Карней, Менск 37-гадовы брытанскі актор Дэніэл Крэйг выканае ролю агента 007 у чарговым, 21-м па ліку, фільме пра Джэймcа Бонда. Размовы пра тое, хто ўрэшце прыйдзе на зьмену Пірсу Броснану, які дагэтуль быў апошнім “тэлебондам”, пачаліся яшчэ ў 2003 годзе, на наступны год пасьля выхаду стужкі “Памры, але не цяпер” (Die another day). З шэрагу магчымых варыянтаў быў абраны, бадай, самы нечаканы: Дэніэл Крэйг вядомы аматарам кіно хіба што зь фільму “Шлях праклёну”, і тое ў большай ступені дзякуючы ўдзелу ў ім Тома Хэнкса. І хоць у свой час супэрагентам былі самыя розныя акторы, аднак, паводле сцэнару, яднала іх адна місія – яны змагаліся з дыктатарскімі рэжымамі, якія ня толькі прыгняталі ўласныя народы, але й марылі пра ўсясьветнае панаваньне. Ці можа Беларусь стаць здымачнай пляцоўкай для гіпатэтычнага Джэймcа Бонда?

З парушэньнем усіх храналягічных канонаў чарговы фільм пра Джэймcа Бонда будзе здымацца паводле першага раману Яна Флэмінга “Казыно Раяль”. Рэжысэр карціны – Майкл Кэмпбэл, які досыць удала паставіў “Залатое вока” з папярэднікам Крэйга Пірсам Броснанам у галоўнай ролі. Здымкі пачнуцца ў студзені наступнага году, аднак маршруты перамяшчэньня новага Бонда пакуль што не ўдакладняюцца.

Так супала, што якраз на пачатку кастрычніка 1962 году на экраны кінатэатраў выйшаў першы фільм з сэрыі пра сакрэтнага агента брытанскай выведкі Джэймcа Бонда “Доктар Ноў”. Моцна расьцягнутаму ў часе 20-сэрыйнаму фільму пра супэрагента 007 наканавана было стаць нечым нават большым, чым клясыкай жанру – у СССР у фільм забаранілі, перадусім з палітычных прычынаў. Ці можна ўявіць працяг “бандыяны” на беларускім матэрыяле?

Вядомы рэжысэр-кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі не выключае: калі-небудзь віртуальны Джэймc Бонд паводле сцэнару будзе ратаваць і Беларусь. Хоць бы таму, што тут вельмі палітызаванае жыцьцё...

(Хашчавацкі: ) “Без палітыкі, на жаль, сёньня немагчыма. Адусюль “вушы тырчаць”. Тым больш, калі рэжысэр працуе над тэмамі сёньняшняга дня, ён так ці інакш уваходзіць у палітычнае поле, хочаш таго альбо не. Нават калі ён здымае пра каханьне, усё адно соцыюм увесь вельмі сур''ёзна палітызаваны. І я сказаў бы, што без палітыкі сёньня немагчыма абысьціся. Яна проста тым ці іншым бокам уваходзіць у тваю працу”.

Калі спробы экспарту рэвалюцыі ад імя савецкай імпэрыі ў ранейшых фільмах пра Джэймcа Бонда засталіся ў мінулым, то рэальны ўдзел тых жа брытанцаў у апэрацыях на Блізкім Усходзе сапраўды можа пакінуць адбітак на сэнсавай нагрузцы новых фільмаў пра агента 007. У кулюарах не выключаюць, што новы Бонд у выкананьні Крэйга воляй сцэнарыстаў будзе закінуты... у Ірак.

Былы савецкі амбасадар у Аўганістане Юлій Варанцоў перакананы: усе сюжэтныя лініі насамрэч бяруцца з жыцьця. Праўда, на думку спадара Варанцова, Бонд з такім жа посьпехам можа “ўсплыць” і недзе ў Кабуле. На думку дыплямата, некаторыя памылкі палітыкаў, дзяржаўных дзеячоў, бізнэсоўцаў цяпер сапраўды можна выправіць хіба толькі з дапамогай Бонда.

(Варанцоў: ) “Нас, прыкладам, у Аўганістан уцягнула памылковае ўяўленьне пра тое, што будзе адбывацца. У амэрыканцаў, брытанцаў выпадак іншы: яны ўвайшлі ў Ірак з расплюшчанымі вачыма. Натуральна, не чакалі такога прыёму. Думалі, сустрэнуць з абдымкамі, кветкамі, а атрымалі вунь што... І ніяк спыніцца гэта ня можа. Таму ў іх памылка мэтанакіравана дапушчаная; яе цяпер выправіць вельмі цяжка. І таму ў пераносным сэнсе сапраўды патрэбен супэргерой. Бо калі ў нашым выпадку ўцягненасьць была вымушаная, то ў амэрыканцаў, скажу вам, сытуацыя цяпер горшая, чым была ў СССР з Аўганістанам”.

Свайго героя Ян Флемінг прэзэнтаваў як “ангельскага джэнтэльмэна, чые дзеяньні вызначаліся перш за ўсё патрыятызмам і сьмеласьцю ў барацьбе з савецкімі агентамі”.

Аднак Флемінг у 1964 годзе памёр, і цягам наступных дзесяцігодзьдзяў геаграфія выратавальных дэсантаў Бонда пашыралася – ад арабскіх краінаў зь іх тэрарыстычным патэнцыялам да разьдзеленых крывавымі міжусобіцамі балканскіх краінаў. Менавіта таму ўсе пяць выканаўцаў гэтай ролі – Шон Конары, Джордж Лэйзэнбі, Роджэр Мур, Тымаці Дэлтан і Пірс Броснан – асацыююцца выключна з выратавальнікамі паднявольных народаў, змагарамі з дыктатурамі.

І калі першыя стужкі вызначаліся “антысавецкім характарам”, то дзеяньне фільму “Памры, але не цяпер” адбываецца ўжо на Кубе і ў Паўночнай Карэі. Статус беларускага рэжыму ў вачох міжнароднай супольнасьці шмат у чым падобны да статусу рэжымаў, зь якімі ў “бандыяне” змагаецца агент 007. Ці ёсьць падставы да віртуальных аналёгіяў? Пра гэта – рэальны калега прывіднага Джэймcа Бонда, былы супрацоўнік беларускай контравыведкі, падпалкоўнік запасу Валеры Костка:

(Костка: ) “Сярод мэтаў замежнай выведкі заўсёды былі пытаньні адхіленьня непажаданых і ўтрыманьня марыянэткавых рэжымаў. Схемы могуць быць розныя, і чым менш мы нацыянальна сьвядомыя, чым менш мы думаем аб нацыянальнай ідэі, якая аб’ядноўвае, тым больш праўдападобна, што тут могуць зьявіцца Бонды, Ісаевы ці яшчэ нехта. Мяркую, усе гэтыя схемы і пляны ўжо распрацаваныя і часткова яны ажыцьцяўляюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеяньні фільмаў з удзелам Джэймcа Бонда адбываюцца шмат у якіх праблемных рэгіёнах. На ваш погляд, Беларусь можа калі-небудзь апынуцца...”

(Костка: ) “...здымачнай пляцоўкай? Думаю, занадта мы ўжо перабольшваем ролю гэтых самых “бондаў” і, мабыць, самой Беларусі ва ўсясьветнай палітыцы, каб сюды скіраваліся цэлыя эскадры ўсталёўваць нейкі парадак. Перадусім мы павінны ў сваіх мазгах навесьці парадак, а потым само сабой усё ўсталюецца і ў нашай краіне. А так мы ўсе “размытыя” і нас кідаюць туды-сюды ўсялякімі гульнямі”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, у такога выратавальніка Беларусі вы ня верыце?”

(Костка: ) “Нацыянальна сьвядомы розум – вось выратавальнік Беларусі, усіх грамадзянаў, якія любяць і паважаюць сваю краіну. А ўсё астатняе – казкі, дзе 50 % ілюзій, а 49 % – падману. Таму ня думаю, што “бонды” будуць вырашаць пытаньні Беларусі. Гэта могуць вырашаць групавыя інтарэсы, добра фінансаваныя той ці іншай краінай. Тут могуць быць моцныя ўплывы. Але мне хацелася б, каб лёс Беларусі вырашаў разумны выбар саміх беларусаў”.

Вядомы расейскі палітык Канстанцін Баравы лічыць, што пакуль зьяўленьне Джэймcа Бонда ў Беларусі выглядае гіпатэтычным... Аднак на тэрыторыі краіны досыць “прадуктыўна” працуюць апанэнты славутага агента 007 – рознага кшталту шцірліцы-ісаевы, прапісаныя ад імя Масквы.

(Баравы: ) “Амаль нічога з таго, што адбываецца ў Беларусі, немагчыма было б уявіць, каб за Лукашэнкам не стаялі сілы ў Расеі. Нічога! Гэты рэжым не праіснаваў бы і году! Ёсьць група бандытаў, якія хочуць усім валодаць і нікога не дапускаць да гэтага пірага. Гэта злачынства, звычайнае злачынства супраць народу Беларусі, якое будзе асуджанае гэтым жа народам”.

Пірс Броснан, які здымаўся ў апошніх чатырох стужках, заявіў, што “Бонд для яго ўжо ў мінулым”. Прызначаны новым супэрагентам Дэніэл Крэйг за працу бярэцца зь вялікім імпэтам. І хоць здымкі павінны пачацца ўжо ў студзені 2006 году, аднак дасюль не названае яшчэ месца, дзе разгорнуцца падзеі, ня вызначана “нацыянальная прыналежнасьць” патэнцыйнага ворага, якому будзе процістаяць 007. Варта нагадаць: апошнім часам гэта былі выключна краіны з тэрарыстычным, так бы мовіць, ухілам. Нядаўнія падзеі ў Віцебску наўрад ці забяруць увагу стваральнікаў карціны сваёй маштабнасьцю, аднак у амэрыканскіх стужках неаднаразова даводзілася чуць пра адрасы паходжаньня няўлічанай зброі. У гэтым шэрагу ўважлівы глядач мог пачуць і назву “Беларусь”. Відавочна, аб’ектыўныя падставы да таго, каб такім чынам “праславіць” краіну, сапраўды існуюць.

Яшчэ адзін чалавек, які пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі, – нараджэнка Баранавічаў, дысыдэнтка зь вялікім стажам, тройчы палітзьняволеная Валерыя Навадворская. Яна перакананая: у любым выпадку дыктатурам наканаваны досыць сумны фінал.

(Навадворская: ) “Канец будзе адзін: ужо былі найменей два лідэры, якія лічылі “заходнікаў” “адмарозкамі”. Аднаго зь іх звалі Нікалае Чаўшэску. Дзе ён цяпер, думаю, ня трэба да бабкі хадзіць. У Вугоршчыне, дарэчы, было нават горш: там чэкістаў “берыеўскай генэрацыі” ў 1956 годзе проста вешалі, калі народ давялі да немагчымасьці існаваньня”.

Два дзясяткі фільмаў пра Джэймcа Бонда, першым зь якіх быў “Доктар Ноў” 1962 году, аказаліся самай даходнай галіной брытанскага культурнага экспарту. Яны склалі больш чым сур’ёзную канкурэнцыю галівудзкім блокбастэрам. І ўвесь гэты час мэтавая скіраванасьць стужак пра супэрагента 007 заставалася той самай – Джэймс Бонд думае пра перамогу дэмакратыі. А значыць, і пра Беларусь?
XS
SM
MD
LG