Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія назіральнікі паехалі на азэрбайджанскія выбары


Валер Каліноўскі, Менск Назіральнікі ад урадавых і незалежных структураў Беларусі накіраваліся на выбары парлямэнту Азэрбайджану, якія маюць адбыцца 6 лістапада. Напярэдадні выбараў сытуацыя ў гэтай краіне абвастрылася, улады нават выкрылі рыхтаваны дзяржаўны пераварот. Узмацніўся ціск на незалежныя СМІ і апазыцыю. Назіральнікі адзначаюць пэўнае падабенства палітычнай сытуацыі ў Азэрбайджане і Беларусі.

Назіральнікі ад беларускага парлямэнту і ЦВК будуць працаваць на азэрбайджанскіх выбарах у складзе місіі Садружнасьці незалежных дзяржаваў, паведаміў сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Ужо паехала сябар Цэнтравыбаркаму Казловіч Марына, яна ўжо ў палёце”.

Сам спадар Лазавік быў у Азэрбайджане ў 2003 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог сын папярэдняга лідэра краіны Ільхам Аліеў. Спадар Лазавік ня лічыць магчымым ацэньваць ступень дэмакратычнасьці азэрбайджанскага выбарчага заканадаўства, параўноўваць зь беларускім.

(Лазавік: ) “У іх свая выбарчая сыстэма, свае традыцыі, і каб казаць, дэмакратычныя выбары ці не, трэба мець інструмэнт для вымеру дэмакратычнасьці. Цяпер міжнародная супольнасьць такога інструмэнту ня мае”.

Ад Палаты прадстаўнікоў назіраць паехаў дэпутат Алег Скадынец. Ягоны калега Сяргей Гайдукевіч прагназуе, што выбары ў Азэрбайджане пройдуць паводле сцэнару ўлады:

(Гайдукевіч: ) “Ніякіх нечаканасьцяў ня будзе. На жаль. Хацелася б назіраць справядлівыя і сумленныя выбары”.

Дэпутат азэрбайджанскага парлямэнту ад апазыцыі, дакладчык ПАРЭ па Беларусі Азім Малазадэ зазначыў, што, на ягоную думку, ступень дэмакратычнасьці рэжыму ў ягонай краіне істотна вышэйшая, чым у Беларусі. Прынамсі, Азэрбайджан зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

(Малазадэ: ) “Супрацоўніцтва з НАТО, Эўразьвязам для нас зьяўляецца стратэгічным прыярытэтным кірункам. Разам з тым, мы лічым, што ў Азэрбайджане трэба шмат зрабіць дзеля нармальнага функцыянаваньня дэмакратычных існтытутаў — дамагчыся вольных выбараў, вольнай прэсы, бесьперашкоднасьці ў дзейнасьці палітычных арганізацыяў, свабоды прадпрымальніцтва і вяршэнства закону. Пакуль ёсьць рэшткі савецкіх тэндэнцыяў, калі чалавек зьяўляецца дзяржаўным вінцікам і служыць дзяржаве”, — сказаў азэрбайджанскі дэпутат Азім Малазадэ, лідэр правацэнтрысцкай Партыі дэмакратычных рэформаў.

Прадстаўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валяннцін Стэфановіч быў у Азэрбайджане на прэзыдэнцкіх выбарах 2003 году. Ён таксама лічыць, што ў параўнаньні з гэтай краінай у Беларусі горшая сытуацыя ў галіне дэмакратыі.

(Стэфановіч: ) “Там газэты апазыцыйныя свабодна выдаюцца. І выбарчае заканадаўства значна лепшае, чым у нас. Іншая справа, што практыка яго выкарыстаньня застаецца савецкай. Там свае недахопы: вельмі вялікая карупцыя, плюс кланавасьць і вельмі вялікі разрыў паміж слаямі грамадзтва”.

Спадар Стэфановіч паведаміў, што ягоную арганізацыю на выбарах у Азэрбайджане прадстаўляе Алесь Бяляцкі, які, аднак, не атрымаў акрэдытацыі як міжнародны назіральнік і працуе там разам з дэлегацыяй Нарвэскага Хэльсынскага камітэту.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што ягоная партыя рыхтуе дамову аб супрацоўніцтве з азэрбайджанскай партыяй “Мусават”. Спадар Вячорка таксама пільна сочыць за выбарчай кампаніяй у гэтай краіне:

(Вячорка: ) “Трэба глядзець на досьвед азэрбайджаснкіх уладаў на чале з Аліевым-сынам, як яны і перад выбарамі манапалізуюць інфармацыйную прастору, і падчас саміх выбараў дзейнічаюць — дзеля таго, каб прагназаваць, якія будуць паводзіны лукашэнкаўскай улады падчас нашых так званых выбараў”.

Спадар Вячорка зазначыў, што перад выбарамі ціск на апазыцыю і прэсу ў Азэрбайджане ўзмацніўся, але ён прагназуе, што там дэмакраты ўсё ж увойдуць у парлямэнт. А адзін зь лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі нагадвае, што ў Азэрбайджане адбылася перадачы ўлады ад бацькі да сына, і лічыць, што гэта небясьпечны прыклад для А.Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG