Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча ня выпусьцілі з-за кратаў, ён працягвае галадаць (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Суд адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня для ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які дваццаць дзён галадае ў гарадзенскай турме. Зьняволены разам зь ягонымі адвакатамі прасіў вызваліць яго на час сьледзтва, аднак Ленінскі раённы суд Горадні сёньня пакінуў усё бяз зьменаў.

У судзе прысутнічалі адвакаты Надзея Станкевіч і Галіна Іванова. Мікалай Аўтуховіч, у прыватнасьці, спасылаўся на праблемы са здароўем, на сваю галадоўку, аднак суд не разглядае такія дэталі, зазначыла адвакат Іванова.

(Іванова: ) “Пакінулі нашую скаргу без задавальненьня. Вось зараз будзем хуценька абскарджваць пры канцы дня ў вышэйстаячы суд — у абласны. Суд раённы тлумачыць, што ўсё законна і абгрунтавана”.

Каб абскардзіць цяперашнюю судовую адмову, даецца 24 гадзіны, але заўтра выхадны, таму адвакатам трэба было сьпяшацца. Паводле Галіны Івановай, Ленінскі суд толькі спраўджваў законнасьць выкарыстаньня меры стрыманьня, і фармальна ўсё законна, паколькі яна адпавядае таму, што Аўтуховіч згодна са сьледзтвам зьяўляецца абвінавачаным.

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.

***

Мікалай Аўтуховіч два гады змагаўся, паводле яго, супраць несправядлівых штрафных санкцыяў. Таксоўкі, якія яму належаць, абслугоўвалі большую частку Ваўкавыска. Аднак паводле прэзыдэнцкага дэкрэта (№4, 2003 г.) прадпрымальнік мог пакінуць у сябе толькі трох кіроўцаў. Іншыя мусілі перайсьці ў фірму “Ніка-транс”, але працягвалі езьдзіць на машынах Аўтуховіча і здавалі яму выручку. Падатковая служба палічыла, што гэта парушэньне, і што празь яго прадпрымальнік не плаціў за выручку ўсе падаткі.

Мікалай Аўтуховіч правёў тры галадоўкі пратэсту. Двойчы яго падтрымлівалі кіроўцы, галадоўка рабілася масавай. 14 кастрычніка супраць прадпрымальніка распачала крымінальную справу ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў, у турме ён адразу пачаў галадаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG