Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон абмяжоўвае дзейнасьць палітычных партыяў


Уладзімер Глод, Менск У Беларусі дзейнічае новая рэдакцыя закону "Аб палітычных партыях". Пачынаючы з 1-га лістапада, партыі сталі яшчэ пад больш жорсткім кантролем з боку ўлады. Прынамсі, упершыню ў сучаснай беларускай гісторыі ўлады цяпер могуць на законнай падставе прыпыняць дзейнасьць палітычных партыяў і аб''яднаньняў да шасьці месяцаў. Закон таксама афіцыйна забараняе рэгістраваць у Беларусі арганізацыйныя структуры палітычных партыяў замежных краінаў.

Перадусім варта вельмі коратка нагадаць гісторыю новай рэдакцыі закону, бо гэта шмат што патлумачыць. У першым чытаньні яе прынялі яшчэ летась. А потым трымалі роўна год. Аднак многія палітыкі тады прагназавалі, што закон будзе абавязкова прыняты сёлета, паколькі не за гарамі прэзыдэнцкая кампанія. Менавіта жаданьнем паставіць апазыцыйныя партыі ў больш жорсткія і складаныя ўмовы бліжэй да пачатку выбарчай кампаніі і тлумачылі прыняцьце зьмяненьняў і дадаткаў да важнага закону. Хаця дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шукалі іншыя абгрунтаваньні. Прыкладам, Аляксандр Сьвірыд, які прадстаўляў у Палаце новую рэдакцыю закону, казаў так:

(Сьвірыд:) "Комплексная перапрацоўка дзейнага закону, які ўступіў у сілу ў кастрычніку 1991 году, насьпела з прычыны таго, што за гэты час ўнесены зьмяненьні ў Канстытуцыю, Грамадзянскі кодэкс. Быў прыняты шэраг актаў прэзыдэнта краіны... У новым законе адлюстроўваюцца палажэньні трох прэзыдэнцкіх дэкрэтаў. Прадугледжваюцца меры адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб дзейнасьці палітычных партыяў. Усталяваная новая норма -- прыпыненьне дзейнасьці палітычнай партыі (саюза)".

Зразумела ўзьнікае пытаньне: як апазыцыйныя палітычныя партыі, іх кіраўнікі і сябры будуць карэктаваць сваю дзейнасьць? Што яны гавораць на гэты конт, што зьбіраюцца рабіць? Прынамсі, калі ўлады паспрабуюць прыпыніць дзейнасьць нейкай партыі?

Паколькі менавіта прыпыненьне -- гэта абсалютная новая норма беларускага "партыйнага" заканадаўства, дык і лідэры партыяў зьвяртаюць на яе найбольшую ўвагу. Вось як ацэньвае сытуацыю намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр:

(Альфэр:) "Прыпыненьне дзейнасьці палітычных партыяў зьяўляецца нармальнай прамежкавай мерай у дэмакратычных краінах. І амаль не бывае, каб там дзейнасьць партыі перапынялася на пэўны пэрыяд. На маёй памяці гэта, мабыць, толькі партыя Батасуна ў Гішпаніі. І больш нічога нідзе не было. Таму што партыі зьяўляюцца асноўным інструмэнтам палітычнага жыцьця ў краіне. І таму прыпыненьне ці забарона палітычнай партыі -- гэта абсалютная крайняя мера, калі ўжо далей ісьці немагчыма. Што тычыцца Беларусі, дык тут адпаведная мера была прынятая як інструмэнт уціску на палітычныя партыі. Калі ўлады будуць бачыць, што апазыцыйныя партыі актыўна працуюць у выбарчай кампаніі, значыць будуць рабіць захады, каб іх дзейнасьць прыпыніць. Калі ж будуць лічыць, што больш мэтазгодна забараняць іх дзейнасьць, значыць будуць забараняць".

Новы закон таксама ўводзіць дадатковыя абмежаваньні ў фінансаваньні партыяў. Яны не маюць права атрымліваць грашовыя сродкі і маёмасьць ад замежных арганізацыяў і грамадзянаў, ананімных фундатараў, рэлігійных арганізацыяў... Ёсьць і іншыя абмежаваньні. Прынамсі, забаронена адначасовае сяброўства больш чым у адной партыі і сяброўства ў партыі юрыдычных асобаў. Акрамя таго, штогод (да 1 сакавіка) усе партыі мусяць прадстаўляць у міністэрства юстыцыі справаздачы пра зробленую працу.

Сябры апазыцыйных партыяў прызнаюць, што цяпер працаваць будзе цяжэй. Бо зьмены заканадаўства адаб’юцца на дзейнасьці палітычных партыяў, абмяжуюць яе. Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі сфармуляваў гэта так: робіцца ўсё, каб палітычная партыя была за межамі рэальнага палітычнага працэсу. Аднак, на ягоную думку, улады не ўлічваюць тут адзін істотны момант -- ёсьць рэчы, якія яны ня могуць узяць пад свой кантроль.

(Беленькі:) "У любым выпадку, якія б юрыдычныя абмежаваньні не былі прынятыя, дзеяньні беларускага народу ў шырокім пляне будуць накіраваныя на захаваньне сваёй незалежнасьці, адстойваньне сваіх правоў -- чалавека, грамадзяніна, беларуса. І тут у такім шырокім пляне гэтыя абмежаваньні нічога не дадуць тым, хто прымаў гэты закон і выступаў ініцыятарам гэтых зьмен. Хутчэй наадварот, гэта паслужыць у пэўнай ступені каталізатарам, паскорыць працэсы ў грамадзтве, якія скінуць гэты прамаскоўскі антыбеларускі рэжым, матывацыя якога ёсьць не інтарэсы беларускага народу, а зусім іншыя, якія знаходзяцца за крамлёўскай сьцяной".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG