Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйным прафсаюзам офісы будуць бясплатнымі


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які разьмяжоўвае правы афіцыйных і дэмакратычных прафсаюзаў на арэнду офісаў. Прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху лічаць гэта чарговым актам дыскрымінацыі.

Прэзідэнцкі ўказ тычыцца Фэдэрацыі прафсаюзаў, для структураў якой зьмяняюцца ўмовы арэнды памяшканьняў. У той жа час дакумэнт абыходзіць увагай альтэрнатыўнае прафсаюзнае аб’яднаньне, якім зьяўляецца Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Вось што паведаміў пра гэта старшыня БКДП Аляксандр Ярашук:

(Ярашук: ) “То бок Фэдэрацыя прафсаюзаў мае ўсе правы на тое, каб атрымліваць бясплатна ў арэнду памяшканьні для сваёй дзейнасьці, для правядзеньня, як там напісана, сваіх сходаў, канфэрэнцый і іншых мерапрыемстваў, якія прадугледжаны яе статутам і калі гэта мае адпаведны запіс у заключаных прафсаюзамі, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю, пагадненьнях, у тым ліку калектыўных дамовах. Гэта відавочны факт парушэньняў Канстытуцыі і закону аб прафэсійных саюзах, гэта відавочны факт “фаварытызму” з боку вышэйшых дзяржаўных уладаў да аднаго, асобна ўзятага прафцэнтра”.

У цэлым сытуацыя з офісамі ў незалежных прафсаюзаў складаная. Многія структуры незалежных прафсаюзаў, паводле ініцыятываў ўладаў і адміністрацыяў прадпрыемстваў, пазбаўленыя памяшканьняў. У прыватнасьці, гэта тычыцца арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу. Вось што паведаміў яго лідэр Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Што тычыцца Свабоднага прафсаюзу, то мы 10 гадоў разьмяшчаліся каля плошчы Перамогі ў Менску, але затым нас выкінулі з памяшканьня. Мяне верасень і кастрычнік не пускалі на завод, на якім я працую. Пайшлі лісты пракуратуры. Напрыклад, з Наваполацку, там у нас рэгіянальная арганізацыя. І некалькі арганізацый былі пастаўлены на ўлік і былі зарэгістраваны па хатніх адрасах. Я папрасіў старшыню гарвыканкама даць нам памяшканьне мэтраў на дваццаць. За грошы, вядома. Ніякага адказу. А зараз я атрымліваю ліст ад пракурора. Ён ужо патрабуе. Вось такія справы. І так паўсюдна”.

Праблема офісу востра паўстала днямі перад першаснай арганізацыяй гэтага прафсаюзу, якая дзейнічае на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”. 31 кастрычніка ў яе скончылася дамова на арэнду офіса і, нягледзячы на зварот гэтай арганізацыі, у якую ўваходзіць каля 60 рабочых, падоўжыць дамову на арэнду, адміністрацыя дала адмоўны адказ. Пра апошнія падзеі, зьвязаныя з канфліктам вакол офісу, распавядае лідэр прафсаюзнай суполкі Свабоднага прафсаюзу “Полацк-Шкловалакно” Віктар Стукаў:

(Стукаў: ) “Учора мы правялі паседжаньне рады арганізацыі і вырашылі накіраваць два лісты. Адзін у канцэрн “Белнафтахім” і другі генэральнаму дырэктару прадпрыемства. Мы хочам прапанаваць генэральнаму дырэктару тры канкрэтныя памяшканьні, якія б маглі арэндаваць, бо яны незанятыя. А паколькі канцэрн пацьвярджае арэнду памяшканьня, то хочам наўпрост напісаць туды ліст, старшыні канцэрну Сіваму, з просьбай прадставіць нам памяшканьне. У тым будынку, дзе ў нас было памяшканьне памерам 18 квадратных мэтраў, там ёсць і маленькае памяшканьне памерам 4 квадратныя мэтры. Яно вольнае і для выкарыстаньня яго як юрыдычнага адрасу нам дастаткова. Хаця для офісу яно малое. Вольных памяшканьняў на заводзе дастаткова, але вось можа толькі не для нас”.
XS
SM
MD
LG