Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква сьвяткуе вызваленьне Масквы ад продкаў сёньняшніх беларусаў


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня праваслаўная царква ў Беларусі адзначае Памінаньне іконы Казанскай Божай маці. Праваслаўнае сьвята прымеркаванае да гадавіны выгнаньня з Масквы “іншаземцаў” альбо “польскай шляхты” ў 1612 годзе. Гэтую дату сёньня у Расеі ўпершыню сьвяткуюць на дзяржаўным узроўні.

Сьвята іконы Казанскай Божай маці Беларускі экзархат сьвяткуе супольна з Расейскай праваслаўнай царквой, бо фактычна гэта адзіная структура. Сьвята зьвязана непасрэдна з падзеямі 1612 году – паведаміў прадстаўнік Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня, які не пажадаў назваць сваё імя.

(Спадар: ) “У царкве будзе богаслужэньне сьвяточнае. Перадусім яно ў памяць іконы Казанскай Божай маці. Але гэтая ікона праслаўленая гістарычнымі падзеямі выгнаньня з Масквы палякаў”.

Гаварыў прадстаўнік Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня. Нагадаю, што так званыя “іншаземцы” 1612 году ў маскоўскім Крамлі – гэта войскі Вялікага княства Літоўскага. І, фактычна, у Беларусі будзе сьвяткавацца выгнаньне з Масквы саміх сябе, – кажа гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Крэмль, у асноўным захапіла беларуская шляхта. Былі й палякі, але ў асноўным беларусы й украінцы. Не такія мы затурканыя й занядбаныя, як нас малююць. Гэта значыць мы народ, які мог зваяваць нават суседнюю сталіцу. І Маскву мы зваявалі значна раней, чым Напалеон. Так, што гэтая дата для нас – пункт адліку нашага росквіту й заняпаду. Няма ў нас беларускай праваслаўнай царквы, а таму яны й сьвяткуюць на нашай тэрыторыі сваё сьвята – як яны нас выгналі з крамля. Калі нашая царква стане аўтакефальнай і незалежнай, тады гэтае сьвята яна сьвяткаваць ня будзе”.

Гаврыў Алег Трусаў. Гэткім чынам, сёньня Расея на дзяржаўным узроўні сьвяткуе выгнаньне з крамля беларусаў, палякаў і украінцаў. Адначасна цяперашнія ўлады Беларусі па-ранейшаму працягваюць замоўчваць славутую бітву пад Воршай, калі войскі пад кіраўніцтвам беларускага гетмана Кастуся Астроскага разьбілі шматтысячнае войска расейскіх захопнікаў. Як да гэта ставяцца нашыя суайчыньнікі цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Ну, дык гэта ж іх сьвята. Мы ж ня можам яго сьвяткаваць, бо там жа літвіны, беларусы былі”.

(Спадарыня: ) “Пэўна, беларускі народ спакойны ва ўсіх адносінах, таму мы так спакойна на ўсё гэта глядзім”.

(Спадарыня: ) “Варшанскую бітву на дзяржаўным узроўні не сьвяткуем таму, што дзяржава такая ў наш час. Трэба самім дамагацца й усталёўваць такія сьвяты”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта вельмі кепска, што ў нас такая зараз прэзыдэнцкая палітыка замочваць усё нацыянальнае. Мы не зьдзіўляемся, але канечне мы супраць”.

Гаварылі мінакі на вуліцах Менску. Адначасна Расея адмовілася ад сьвяткаваньня Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году, якая ў Расеі й была запачаткаваная. У Беларусі ж 7 лістапада – па-ранейшаму чырвоны лісток календара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG