Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коньнікам абяцаюць катэджы за мэдалі на Алімпіядзе


Ігар Карней, Менск Патэнцыйным прызёрам будучых летніх Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ўжо паабяцаныя ня толькі маральныя, але і матэрыяльныя дывідэнды. Напярэдадні новы кіраўнік фэдэрацыі коннага спорту Мікалай Дамашкевіч, які ў чэрвені зьмяніў на гэтай пасадзе былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўрала Латыпава, заявіў: за кожны мэдаль беларускі спартовец і трэнэр атрымаюць катэджы ў Ратамцы пад Менскам, дзе месьціцца Рэспубліканскі цэнтар коннага спорту і конегадоўлі. Між тым, пасьля эпохі алімпійскага чэмпіёна Віктара Ўгрумава посьпехаў у гэтай дысцыпліне беларусам бракавала. У зьвязку з чым падобныя заявы? Можа таму, што рэалізаваць задумы аб’ектыўна праблематычна?

З улікам папярэдніх выступаў на Алімпійскіх гульнях, уварвацца ў эліту коннага спорту цяперашнім беларускім коньнікам сапраўды вельмі цяжка. Летась у Афінах лепшая беларуска Ірына Ліс была толькі 28-й, але нават гэты выступ у Беларускай фэдэрацыі коннага спорту ацанілі як пасьпяховы. Што да абяцаньняў патэнцыйным прызёрам катэджаў пад Менскам, то гэта, падаецца, збольшага стратэгічны ход новага кіраўніка аб’яднаньня, старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча. Пасьля таго, як напачатку кастрычніка на адмысловай нарадзе прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў спартовыя фэдэрацыі “за бязьдзейнасьць”, кожны з кіраўнікоў палічыў за лепшае адзначыцца калі не рэальнымі посьпехамі, то хоць бы маштабнымі намерамі.

Гіпатэтычныя ўзнагароды спартоўцам і трэнэрам Мікалай Дамашкевіч раздаваў 2 лістапада падчас пазачарговай канфэрэнцыі фэдэрацыі. Дарэчы, трэнэру, які падрыхтуе будучага чэмпіёна, у дадатак абяцаны яшчэ і новы легкавік. Стымулы відавочныя, аднак спэцыялісты кажуць: абяцаньні ў немалой ступені і даюцца так лёгка, што адказваць за іх наўрад ці прыйдзецца. Заяўлена, што праз тры гады ў Кітаі беларусы плянуюць выступіць у выездцы і трохбор’і – праўда, пляны яшчэ давядзецца падмацаваць у кваліфікацыйных турнірах. Аднак з улікам досьведу папярэдняй Алімпіяды прабіцца ў лік мацнейшых вельмі складана.

Гэтым летам Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Ратамку – галоўны цэнтар падрыхтоўкі спартоўцаў-коньнікаў у Беларусі. Магчыма, такая ўвага кіраўніка краіны да конегадоўлі дае спадару Дамашкевічу падставу арыентавацца на высокія дасягненьні?

Першы раз кіраўнік краіны сачыў за спаборніцтвамі на Кубку сьвету, наступны візыт быў абстаўлены афіцыйна, хоць насамрэч, як казалі ў кулюарах, Лукашэнку карцела нарэшце пабачыць уласных коней. Вядома, што летась на свой 50-гадовы юбілей кіраўнік краіны атрымаў адразу некалькі арабскіх скакуноў, адзін зь якіх быў падарункам ад Уладзімера Пуціна. Зрэшты, тыя коні хоць і дарагія, але для спорту ня годныя, таму ў Ратамцы ім вызначаная збольшага дэкаратыўная функцыя. Тым ня меней, догляд за адпаведны: як распавёў адзін з майстроў, які вырабляе конную амуніцыю, адно толькі сядло для прэзыдэнцкага каня пацягнула на 13 тысячаў эўра.

“Паслугай за паслугу” ці не, але кіраўнік краіны паабяцаў усялякую падтрымку спэцыялістам цэнтру: маўляў, лепшыя спартоўцы могуць спадзявацца, што да Алімпіяды яны атрымаюць з-за мяжы некалькі элітных скакуноў. Аднак падкрэсьліў: падрыхтоўка коней экстра-клясу мусіць весьціся і ў Беларусі. Менавіта тады новы старшыня Беларускай фэдэрацыі коннага спорту Мікалай Дамашкевіч сказаў, што пры такім падыходзе беларускія коньнікі могуць прэтэндаваць на самыя высокія месцы. Цікава, што яшчэ год таму Аляксандар Лукашэнка абяцаў Мікалаю Дамашкевічу, цытую даслоўна -- “адбіць рогі”... І цяжка было падумаць, што яны перакрыжуюцца на агульнай ніве коннага спорту. Вось невялікі ўрывак з леташняй “канструктыўнай” размовы.

(Дамашкевіч: ) “…Б’юць па руках і нагах, і ня толькі Дамашкевіча”.

(Лукашэнка: ) “Прыйдзеце і раскажаце мне, хто вас б’е па руках і нагах. Інакш здыму з пасады. Мне надакучылі гэтыя вашыя нараканьні агулам”.

(Дамашкевіч: ) “Значыць, гэта таму…”

(Лукашэнка: ) “Вы слухайце, што я кажу! Калі рогі вырасьлі, мы хутка іх саб’ём”.

Што да арганізацыі працы ў Ратамцы, то адзін з самых вялікіх знаўцаў прыроды коней, народны мастак Леанід Шчамялёў, які служыў у кавалерыі, перакананы: са скакунамі нельга абыходзіцца паводле калгаснага прынцыпу. Кожны конь тонка адчувае чалавечую натуру...

(Шчамялёў: ) “Конь адчувае чалавека. Калі чалавек каня лупцуе, часта беспакарана, жывёла гэта вельмі цяжка перажывае, такога чалавека яна не прымае арганічна. Конь будзе падпарадкоўвацца, але такога “гаспадара” ён ня любіць. А калі ён бачыць адчувальны бок – застаўся кавалачак цукру, кавалачак хлеба, прыносіш ёй, то будуць на прывязі стаяць хоць тры дзесяткі коней, а калі ты ідзеш і, прыкладам кашлянуў, твой конь адразу паварочвае галаву ў твой бок”.

Матэрыяльныя стымулы для прызёраў алімпійскіх гульняў на распараджэньне Лукашэнкі доўгі час былі аднымі з самых высокіх у сьвеце – 60 тысячаў даляраў за першае месца (іншая справа, што атрымаць іх досыць складана). Калі ў дадзеным выпадку гаворка яшчэ і пра катэдж, то спартоўца аўтаматычны можна лічыць мільянэрам: кошт нерухомасьці блізу Менску, і яшчэ ў такім прэстыжным месцы як Ратамка, сапраўды набліжаецца да мільёну даляраў.

Каб такое здарылася, неабходная больш грунтоўная база, чым абяцаньні чыноўнікаў. Шэраг спэцыялістаў аб’ектыўна маглі б узмацніць беларускі конны спорт. Аднак самы вядомы адмысловец гэтай галіны, алімпійскі чэмпіён Віктар Угрумаў колісь быў выгнаны з той жа Ратамкі нібыта за “амаральныя паводзіны”, а ягоны досьвед стварэньня ўласнага конна-спартовага клюбу імя Угрумава ў Ашмянах скончыўся яшчэ больш сумна: бізнэсовец, які вызваўся працаваць у пары з Угрумавым, фактычна “кінуў” алімпійца: выставіў на продаж і клюб, і элітных коней. Пасьля гэтага Угрумаў ад’ехаў на працу ў Маскву. Іншых настолькі гучных імёнаў у Беларусі, на жаль, няма...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG