Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дурны як мажджэр


Данута Зайкоўская, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Дурны як мажджэр – так на радзіме маёй бабулі называюць нездагадлівага, ня надта разумнага чалавека.

“Мажджэр ты дурны”, – кажуць, калі раззлуюцца на некага, хто не разумее відавочнага. У гэтым выпадку выказваньне гучыць абразьліва.

Мажджэр – гэта мэталічная ступка, якая ўжываецца для здрабненьня цьвёрдых рэчываў. Відаць, ад гэтай яе мэханічнай функцыі вядзе свой радавод і прыгаданае параўнаньне. Яно распаўсюджана на паўночнай Віцебшчыне да сёньняшняга дня.

Аднаго разу мая цётка Міра, успамінаючы дзяцінства, расказала сьмешную гісторыю са свайго школьнага жыцьця. Цётка ўвогуле ня надта любіла вучыцца, але асаблівую агіду ў яе выклікала вучэньне вершаў на памяць. Пасьля таго, як яна атрымала дзьве двойкі запар за нявывучаны ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, яе маці ўзяла ў рукі дзягу і загадала: “Сядай і вучы. Пакуль ня вывучыш – спаць ня ляжаш”. Сказала і пайшла сама спаць. Раніцай ўстае маці і бачыць: сядзіць дзіця над кнігай, а выніку ніякага: нават аднаго слупка не запомніла. Маці ня ведала, што дачка спакойна праспала ўсю ноч, а раніцай прачнулася раней за ўсіх і зрабіла выгляд, што цэлую ночку вучыла верш.

“Ну што ж тут зробіш, – забедавала маці. – Калі ўродзіцца хто дурны як мажджэр, ніякая дзяга не дапаможа”. І больш не прымушала дачушку вучыцца. Цётка ўзрадавалася, што так лёгка падманула строгую маці. А “Сымон-музыка” так і застаўся нявывучаны па сёньняшні дзень.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG