Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскі дэпутат Лісоўскі: птушыны грып – інтрыга замежных кампаніяў


Сяргей Абламейка, Прага Выпадкі птушынага грыпу, выкліканыя небясьпечным для чалавека вірусам H5N1 зарэгістраваныя ў васьмі рэгіёнах Расейскай фэдэрацыі. Гэта, аднак, выклікае ў расейскім грамадзтве супярэчлівую рэакцыю. У той час, як на Захадзе б’юць трывогу з нагоды магчымай пандэміі, у Расеі многія чыноўнікі і палітыкі пагрозу памяншаюць.

Расейскія мэдыі стракацяць аптымістычнымі і заспакаяльнымі матэрыяламі. Навукоўцы Інстытуту грыпу ў Санкт-Пецярбургу заяўляюць, што распрацоўка вакцыны супраць птушынага грыпу ідзе пасьпяхова. Старшыня Савету Фэдэрацыі Сяргей Міронаў заявіў журналістам, што і ня думае адмаўляцца ад смажанага курынага мяса, якое вельмі любіць. А галоўны санітарны лекар Расеі Генадзі Анішчанка перад тэлекамэрамі дэманстратыўна зьеў кавалак кураціны.

Але ёсьць у Расеі і іншыя меркаваньні. У прыватнасьці, міністар надзвычайных сытуацыяў Расеі Сяргей Шайгу скрытыкаваў галоўнага санітарнага лекара Анішчанку за дэманстратыўнае паяданьне кураціны перад журналістамі і за памяншэньне ступені магчымай пагрозы для насельніцтва.

Ёсьць і зусім незвычайныя погляды. Гэтак дэпутат Савету Фэдэрацыі Сяргей Лісоўскі заявіў, што эпідэмія птушынага грыпу сярод хатняй птушкі ў Расеі можа быць выкліканая замежнымі кампаніямі, якія ў такі спосаб хочуць нэўтралізаваць расейскіх канкурэнтаў і заняць іх месца на расейскім рынку.

(Лісоўскі: ) “Істэрыя ўжо даведзеная да максымуму, калі людзей палохаюць пагібельлю мільёнаў людзей і г.д. Мы ж ведаем аб біялягічных тэрактах, чаму ня можа быць і такая вэрсія? І нядорага, і не складана”.

Аднак прадстаўнік дырэктара Інстытуту эпідэміялёгіі Віктар Малееў адкінуў вэрсію аб штучным паходжаньні вірусу птушынага грыпу.

(Малееў: ) “Гэта ня біятэрарызм, гэта прыродная зьява. Гэта палітыка... Гэтыя людзі павінны ведаць. Іх абіраюць, яны павінны думаць. На ўсіх гэтых інфэкцыях палітыкі і дэпутаты спрабуюць сабе рабіць рэнамэ. Я не лічу, што гэта добра..."

Віктар Малееў таксама заявіў, што такія тэорыі змоваў непраўдападобныя і толькі шкодзяць. Ён сказаў, што калі зьявіліся вірусы СНІДу і нетыповай пнэўманіі, шмат расейскіх палітыкаў абвінавачвалі ў іх распрацоўцы Злучаныя Штаты Амэрыкі і тым самым прымусілі Расею страціць вельмі каштоўны час.
XS
SM
MD
LG