Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў навуковы зборнік пра беларускія палітычныя партыі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня менскае выдавецтва “Тэсей” і аўтарскі калектыў прэзэнтавалі навуковы зборнік “Палітычныя партыі: Беларусь і сучасны сьвет”. Асаблівасьцю гэтай кнігі зьяўляецца тое, што ў ім упершыню на навуковым узроўні апісваецца беларускі варыянт “партыі ўлады”.

Прэзэнтацыя кнігі аб палітычных партыях Беларусі была прымеркаваная да 15-й гадавіны ўстаноўчага зьезду Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі — першай у гісторыі сучаснай Беларусі зарэгістраванай палітычнай партыі. Удзельнік таго зьезду АДПБ і адначасова адзін з аўтараў кнігі Міхаіл Пліска зазначыў, што гэты 15-гадовы шлях партыйнай сыстэмы Беларусі дзеліцца на два пэрыяды —– да 1995 году, калі адбываўся бурны рост партыяў, і пасьля, калі пачаўся моцны дзяржаўны ціск на іх, у выніку чаго колькасьць партыяў у Беларусі ўпала з чатырох дзясяткаў да 17:

(Пліска: ) “Гэта зьвязана з асаблівасьцямі палітычнага рэжыму ў Беларусі, а таксама з тым, што тут існуе мажарытарная сыстэма выбараў, якая не спрыяе разьвіцьцю палітычных партыяў, асабліва ва ўмовах адсутнасьці палітычных свабодаў. А ў нашых суседзяў амаль што паўсюдна існуе ці прапарцыйная сыстэма выбараў, ці зьмешаная”.

З 1 лістапада ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы Закон аб партыях, які многія лічаць рэпрэсіўным. Гаворыць яшчэ адзін аўтар кнігі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Сёньняшняя ўлада ня хоча чуць крытычных заўвагаў і іншых думак наконт палітыкі. Што ж, я думаю, што гэта не паказчык яе сілы”.

Аляксандар Дабравольскі галоўнай высновай робіць тэзіс, што “там дзе няма рэальнай апазыцыі ўладзе, прыходзіць застой, які ў сваю чаргу зьмяняецца ўзрушэньнямі”.

У кнізе аб беларускіх палітычных партыях асобны разьдзел прысьвечаны і такой нефармальнай палітычнай структуры, як “партыя ўлады”. Гаворыць Міхаіл Пліска:

(Пліска: ) “У нас гэтая партыя фактычна мае выгляд выканаўчай вэртыкалі, якая была створана, на жаль, з падачы Вярхоўнага Савету яшчэ ў 1994 годзе”.

Беларускую палітычную сыстэму Міхаіл Пліска лічыць квазі-двухпартыйнай: з аднаго боку — аб’яднаная апазыцыя, з другога — партыя ўлады ў выглядзе вэртыкалі, суперніцтва паміж якімі адбываецца без фармальных правіл.
XS
SM
MD
LG