Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў прафсаюзнаму актывісту ў аднаўленьні на працы


Аляксандр Сердзюкоў, Магілёў Суд Ленінскага раёну Магілёва адмовіўся задаволіць пазоў былога рабочага Магілёўскага мэталюргічнага заводу, старшыні суполкі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці Юрася Дарашэнкі, які зьбіраўся дабіцца скасаваньня загаду адміністрацыі аб яго звальненьні з працы.

Юрась Дарашэнка быў звольнены зь працы ў жніўні з фармулёўкай “за прагулы і сыстэматычнае невыкананьне сваіх абавязкаў”. Абвінавачаньне ён не прызнаў і заявіў, што яго пазбавілі працы незаконна, за крытыку. Паводле ягонай заявы, у тыя гадзіны, у якія ён нібыта прагульваў працу, ён хварэў і можа прадставіць адпаведную мэдычную даведку. Старшыня суполкі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Магілёўскага мэталюргічнага заводу лічыць, што яго звольнілі з працы за актыўную прафсаюзную дзейнасьць.

За той час, калі ён ачольваў суполку, колькасьць сяброў прафсаюза на заводзе павялічылася амаль у два разы.

Як ужо раней паведамляла Радыё Свабода, рабочы з шматгадовым працоўным стажам улетку абвінаваціў дырэктара Леаніда Маркава ў злоўжываньні службовым становішчам і выклаў сваю пазыцыю ў інфармацыйным выпуску “Экспрэсс-інфо”, а потым у звароце да Генэральнага пракурора краіны Пятра Міклашэвіча.

Суд не ўлічыў аргумэнты прафсаюзнага лідэра і схіліўся да рашэньня на карысьць адказчыка. Паводле старшыні Ленінскага раённага суду Галіны Кужалевай, просьба аб аднаўленьні на працы ня можа быць задаволеная, бо ініцыятар пазову зьвярнуўся ў суд празь месяц пасьля свайго звальненьня.

Ягоныя абаронцы, юрыконсульты прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці сьцьвярджаюць, што будуць абараняць інтарэсы свайго актывіста і абскарджваць рашэньне раённага суду. Тым часам Юрась Дарашэнка не губляе аптымізму і спадзяецца на падтрымку свайго незалежнага прафсаюзу.
XS
SM
MD
LG