Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Апазыцыя прызнае вынікі выбараў, калі яны будуць справядлівыя"


Кастусь Бандарук, Прага Праваабарончая арганізацыя "Human Rіghts Watch" назвала “спозьненымі і недастатковымі” зьмены ў выбарчае заканадаўства Азэрбайджану, прынятыя незадоўга да парлямэнцкіх выбараў. У Азэрбайджан пачынаюць прыбываць замежныя назіральнікі, каб паспрыяць іх празрыстасьці і карэктнасьці, аднак ў краіне пераважаюць абвінавачаньні ў фальсыфікацыях і запалохваньні. Апазыцыя абвінавачвае ўрад прэзыдэнта Ільхама Аліева ў тым, што той хоча прасунуць у парлямэнт як мага болей сваіх прыхільнікаў.

Пад ціскам з боку міжнароднай супольнасьці ўлады Азэрбайджану ўнесьлі некалькі паправак ў выбарчае заканадаўства. Парлямэнт прыняў закон, паводле якога за выбарамі могуць назіраць тыя недзяржаўныя арганізацыі, якія атрымліваюць да 30% свайго фінансаваньня з-за мяжы.

Выбарчая камісія абяцала акуратна складаць выбарчыя сьпісы. Яна вырашыла дазволіць выбаршчыкам прад’яўляць любыя дакумэнты, у тым ліку пашпарты савецкіх часоў.

Паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, каб прадухіліць паўторнае галасаваньне, на выбарчых участках будуць здымаць адбіткі пальцаў са спэцыяльным тушам. Паводле сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Націка Мамедава, улады зрабілі ўсё магчымае, каб выбары прайшлі належным чынам.

Аднак апазыцыя і праваабаронцы лічаць, што абмежаваньні свабоды слова і згуртаваньняў, арышты і недапушчэньне апазыцыйных актывістаў да дзяржаўных СМІ карэнным чынам сказілі будучы вынік выбараў. Гэтак у прыватнасьці лічыць Матыльда Богнэр, аўстралійка, якая працуе ў паўднёва-каўкаскім бюро "Human Rіghts Watch".

(Богнэр: ) “Мы маем пацьверджаныя інфармацыю пра шматлікія выпадкі перасьледу, арыштаў, зьбіцьця ды іншых формаў запалохваньня апазыцыі й незалежных кандыдатаў ды іхных прыхільнікаў. І такая атмасфэра перасьледу пануе па ўсёй краіне. Я ня думаю, што перадвыбарчую атмасфэру можна назваць свабоднай і справядлівай”.

Сапраўды, на два тыдні перад выбарамі адбылося шэраг адставак і арыштаў высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і фінансавых махінацыях.

У часе сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі, апазыцыйны лідэр Алі Кэрымлі заявіў, што апазыцыя выставіць на выбарах 116 кандыдатаў і разьлічвае на 75 зь ліку 125 усіх месцаў ў парлямэнце краіны Мэджлісе. Апазыцыя згуртаваная ў кааліцыі “Азадлік” (Свабода) гуртуе тры партыі: Народны фронт Азэрбайджану, Дэмакратычную партыю і Ісламскую дэмакратычную партыю Мусават.

“Апазыцыя прызнае вынікі выбараў, калі яны будуць справядлівыя, але калі адбудуцца масавыя фальсыфікацыі, тады яна закліча да акцыі пратэсту” – заявіў лідэр апазыцыі Алі Кэрымлі.

Аднак на думку некаторых аглядальнікаў, пагроза чарговай “каляровай рэвалюцыі”, гэтым разам у Азэрбайджане, малаверагодная. Людзі скардзяцца на карупцыю і на нізкі ўзровень жыцьця ў краіне багатай нафтай, аднак паўсюднае незадаволеньне яшчэ не дасьпела да масавых пратэстаў.
XS
SM
MD
LG