Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ставяцца да разбурэньня помнікаў архітэктуры ў Менску?


Ганна Соусь, Менск Нашая карэспандэнтка пацікавілася меркаваньнямі людзей, якія праходзілі побач з будынкам пачатку 19 стагодзьдзя па вуліцы Гандлёвай, які плянуецца зьнесьці.

(Карэспандэнтка: ) “Мы знаходзімся побач з будынкам, помнікам архітэктуры 19 стагодзьдзя. Вырашана, што ён пойдзе пад знос. Скажыце, калі ласка, як вы ставіцеся да разбурэньня гістарычна-культурнай спадчыны?”

(Спадар: ) “Гэта дрэнна, калі старое прыбіраецца і насаджаецца нешта зусім іншае, новае. Гэта нават горш за палітыку”.

(Спадар: ) “Будынак старажытны. Трэба пакінуць яго на месцы”.

(Спадарыня: ) “Я адмоўна стаўлюся. Яго можна рэстаўраваць, рэканструяваць”.

(Спадар: ) “Гэта ж стары горад. Помнікі культуры трэба захоўваць. Зносіць нельга”.

(Карэспандэнтка:) “Ці варта разбураць гістарычна-культурную спадчыну?”

(Спадар: ) “Рэстаўраваць трэба. Так ня можа ў горадзе быць. Культура павінна быць. Надбудаваць паверх і зрабіць будынак”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што зьнішчаюцца помнікі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі?”

(Спадар: ) “Я ведаю, што гэта быў Верхні горад. Калісьці быў цэнтрам нашага гораду. Я лічу, што патрэбна ўсё гэта пакінуць, гэта наша гісторыя, і пачалася яна не пасьля 1917 году”.

(Спадарыня: ) “Помнікі архітэктуры павінны заставацца. Ніхто ня мае права зьнішчаць нашых культурных каштоўнасьцяў, таму што гэта будавалі ня мы, а нашыя продкі і для нас”.

(Спадарыня: ) “Я ня вельмі ў гэтым разьбіраюся. Калі трэба, то трэба. Ня ўсё ж, напэўна, такое каштоўнае”.

(Спадарыня: ) “Я пра гэта не задумвалася. Калі зносяць — значыцца, на гэтым месцы будзе нешта іншае, можа, больш цікавае”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта быў жылы будынак, чаму ня зьнесьці”.

(Спадарыня: ) “Я не валодаю сытуацыяй. Каб палепшыць архітэктуру гораду, дык трэба, каб нешта сьвежае, новае. А старое перашкаджае, яго рэстаўраваць трэба”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што ён будзе зьнесены. Наколькі я ведаю, гэтая Гандлёвая вуліца будзе аднаўляцца. А калі зносіць, то гэта глупства. Гэта, канечне, не выбітны будынак, але калі яго вярнуць да першаснага выгляду, то ён можа ўпрыгожыць наш горад”.

(Спадарыня: ) “Я б яго пакінула, рэстаўравала. Гэта ж памяць, гэта старына. У нас звычка ўсё аддаваць пад знос. Зьвярніце ўвагу на Траецкае прадмесьце. Яго ж зьбіраліся зносіць, яго павінны былі разбурыць. Я б увогуле нічога не разбурала”.
XS
SM
MD
LG