Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле сьледчага, Анджэй Пісальнік “абразіў беларускі народ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня. Актывіст Саюзу палякаў журналіст Анджэй Пісальнік атрымаў папярэджаньне пракуратуры за артыкул “Палякі Аляксандра Рыгоравіча” ў газэце “Glos znad Niemna”. Пракуратура лічыць, што аўтар прынізіў гонар і годнасьць грамадзянаў Беларусі, а таксама Юзафа Лучніка — старшыні прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.

Раней Анджэй Пісальнік атрымаў папярэджаньне за тое, што ён прадстаўляецца рэдактарам непадкантрольнага ўладам “Glosu znad Niemna”.

Нумар “Glosu znad Niemna” з артыкулам Анджэя Пісальніка выйшаў у Польшчы, а распаўсюджваўся ў Беларусі. Аўтар напісаў пра тое, як пад наглядам уладаў адбываўся паўторны зьезд Саюзу палякаў у Ваўкавыску, дзе кіраўніком Саюзу стаў 69-гадовы Юзаф Лучнік. Артыкул мае дадатковую назву: “Мы гаворым — Лучнік, думаем — Лукашэнка”. Праўда, сам спадар Лучнік заявы ў Ленінскую раённую пракуратуру Горадні не пісаў.

(Пісальнік: ) “Але тут дастаткова, што, на думку пракуратуры, абражаны гонар і годнасьць грамадзянаў Беларусі альбо, як сказаў сьледчы, я абразіў “беларускі народ”. Паводле Крымінальнага кодэксу, гэта 130-ы артыкул, частка І, і ў папярэджаньні сказана, што калі я і надалей зьдзейсьню нейкі такі чын, то буду прыцягнуты да адказнасьці”.

Адзін зь юрыстаў мне сказаў, што крымінальную справу можна распачаць толькі пры наяўнасьці заявы самога пацярпелага, у дадзеным выпадку Юзафа Лучніка, але ў парадку нагляду пракуратура цалкам мела права зрабіць такое папярэджаньне журналісту. Іншая рэч, што увагу пракуратуры напэўна прыцягнула сама назва публікацыі — “Палякі Аляксандра Рыгоравіча”.

Анджэю Пісальніку паказалі пераклад ягонага артыкула на расейскую мову, дзе было некалькі разоў напісана — “Прэзыдэнт Л...”, быццам, перакладчык баяўся напісаць гэтае прозьвішча цалкам. Журналіст лічыць, што дзеяньні пракуратуры накіраваны на тое, каб перашкодзіць распаўсюду ў Беларусі непадкантрольнага ўладам “Glosu znad Niemna”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG