Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прэзыдэнцкі (польскі) палац занадта паддаваўся крамлёўскаму ціску"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

Шмат увагі ў сёньняшнім нумары “Нівы” прысьвечана магчымым зьменам у польска-беларускіх дачыненьнях, што зьвязаныя са зьменай улады ў Польшчы. “Вяртаньне новага” – такі загаловак мае артыкул Аляксандра Вярбіцкага ў гэтай справе.

Спадар Вярбіцкі піша: “Прэзыдэнт у Польшчы зьяўляецца адным зь вядучых суб’ектаў замежнай палітыкі, але ў апошнім этапе прэзыдэнцкай гонкі замежнапалітычныя пытаньні амаль адсутнічалі. Гэта, з аднаго боку, магло б сьведчыць пра адсутнасьць разыходжаньняў паміж кандыдатамі, але з другога боку – пра адсутнасьць нейкіх сэнсоўных меркаваньняў наагул, асабліва што да ўсходняга напрамку гэтай палітыкі. Мне падаецца, што мы маем дачыненьне з апошнім варыянтам, і, значыць, у беларуска-польскіх дачыненьнях ніякага зруху ня будзе” - напісаў Аляксандар Вярбіцкі.

У сваю чаргу ягоны калега Мацей Халадоўскі ў матэрыяле на гэтую ж тэму адзначае, што беларуская апазыцыя ўскладае вялікія спадзяваньні на тое, што ў парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах перамагла партыя “Закон і справядлівасьць” – ад яе ўраду і прэзыдэнта чакаюць больш жорсткага стаўленьня да парушэньняў правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі. Спадар Халадоўскі піша:

“Шмат тут залежыць, на маю думку, ня толькі ад асобы новага міністра замежных справаў, але і ад дарадцаў прэзыдэнта Леха Качыньскага. Бо дагэтуль дарадцу прэзыдэнта Квасьнеўскага ў справах замежнай палітыкі Станіславу Цёску, нягледзячы на ягоны досьвед, даводзілася падвесьці свайго шэфа “пад дурня хату”. У адносінах да Беларусі прэзыдэнцкі палац занадта паддаваўся крамлёўскаму ціску ды так і не знайшоў спосабаў на дыялёг”, - напісаў аглядальнік “Нівы”.

Напрыканцыя яшчэ матэрыял Зьдзіслава Ліпскага пра ўвядзеньне ў польскай аўтакефальнай Праваслаўнай царкве набажэнстваў на польскай мове.

“Увядзеньне набажэнстваў на польскай мове называюць “гістарычным момантам” і ”крокам наперад”. Тым часам гэтае здарэньне - ані гістарычны момант, ані крок наперад. Гэта яшчэ адзін сумны доказ таго, з якой пагардай і грэбаваньнем беларусы Беластоку – як царкоўныя гіерархі так і вернікі вернікі ставяцца да мовы сваіх продкаў. Ці чалавек, які сваю мову лічыць горшай, можа быць добрым хрысьціянінам? Сумняваюся ў гэтым”, - напісаў у “Ніве” Зьдзіслаў Ліпскі.
XS
SM
MD
LG