Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тодар Кашкурэвіч: “Druvis” – гэта моцная вера.


З адным з стваральнікаў Цэнтру і галоўным рэдактарам альманаху Тодарам Кашкурэвічам гутарыць Вячаслаў Ракіцкі. Выйшаў у сьвет першы нумар альманаху “Druvis”. Ён падрыхтаваны Цэнтрам этнакасмалёгіі “Крыўя”. У тоўстай кніжцы сабраныя навуковыя артыкулы, якія дасьледуюць дахрысьціянскую спадчыну Беларусі, а таксама праблемы этнагенэзу. Цэнтар этнакасмалёгіі ёсьць прыватнай навуковай ініцыятывай.

На здымку – Тодар Кашкурэвіч – галоўны рэдактар альманаху “Druvis”



(Карэспандэнт : ) “У рэдакцыйным артыкуле, зь якога пачынаецца альманах, аўтары выказваюць прынцыповую думку: “Заўсёды было ганебным прыймаць чужую веру або здраджваць традыцыям продкаў. Сучасная сытуацыя ўяўляецца заключным этапам вайны культураў, скіраванай на вынішчэньне прыродных і дзядоўскіх культураў.” Ці не супрацьстаяньнем такой сытуацыі і ёсьць дзейнасьць вашага Цэнтру касмалёгіі?”

(Тодар Кашкурэвіч: ) “У пэўным сэнсе гэта ёсьць супрацьстаяньне тым тэндэнцыям, якія адбываюцца цяпер. Формай супрацьстаяньня для нас зьяўляюцца дасьледаваньні нашых каранёў, нашай дахрысьціянскай спадчыны, нашай традыцыйнай культуры. Акрамя дасьледаваньняў, яшчэ важная і культывацыя народнай культуры ў пэўных формах. Гэта могуць быць і тэксты, і абрадавыя дзеяньні, і музыка.”

(Карэспандэнт: ) “Вы назвалі альманах “Druvis”. Патлумачце гэты назоў.”

(Кашкурэвіч:) “Тэрмін “Druvis” вельмі істотны, як нам падаецца, у дачыненьні да нашай дахрысьціянскай духоўнасьці. “Druvis” – гэта ўласна стараэўрапейскае слова дзеля абазначэньня сваёй веры і пэўнага разуменьня гэтай веры. А карэніцца яно ў паняцьці “дрэва” – моцнае дрэва, дуб. “Druvis” – гэта моцная вера”.



(Карэспандэнт: ) “Чытаючы тэксты ў альманаху, узгадваючы вашую дзейнасьць цягам ажно 18 гадоў, падаецца, што вы вельмі мэтанакіравана, пасьлядоўна ці нават агрэсіўна прапагандуеце балцкія карані беларусаў. Дрэва беларусаў вырастае на балцкіх каранях?”

(Кашкурэвіч: ) “Гэта вынікае з тых навуковых досьледаў, якія мы праводзілі. Зрэшты, ня толькі мы, а і цэлая гайма навукоўцаў (антраполягаў, гісторыкаў, лінгвістаў) з шэрагу краінаў. Наймацнейшыя школы існуюць у Расеі, балтыйскіх краінах. Для іх балцкая прыналежнасьць беларусаў ужо зьяўляецца аксіёмай. На жаль, на нашым інфармацыйным рынку гэта ўсё яшчэ аб’ект спрэчак.”

(Карэспандэнт:) “Цэнтар “Крыўя” зьяўляецца прыватнай ініцыятывай. З каго складаецца Цэнтар, і якія асноўныя накірункі дасьледаваньняў?”

(Кашкурэвіч: ) “Крыўя” – гэта ня нейкая арганізацыя ў нейкай колькасьці людзей. “Крыўя” – гэта ідэя. Ініцыятарамі былі мы зь філёзафам Сяргеем Санькам. У часе дзейнасьць далучаліся і пакідалі нас вялікі шэраг навукоўцаў, як беларускіх, гэтак і замежных.”

(Карэспандэнт: ) “Вашая навуковая ініцыятыва ёсьць альтэрнатывай афіцыйнай навуцы ці яна ёсьць нейкая паралельнай дзейнасьцю?”

(Кашкурэвіч: ) “Я сказаў бы такім чынам. Галоўнай мэтаю “Крыўі” – фармуляваць ідэі. А наколькі яны будуць альтэрнатыўнымі альбо сучаснай навуцы, альбо сучаснай ідэалёгіі ці палітыцы, гэта ўжо ня нашая справа, ня нашая мэта. Мы проста займаемся дасьледаваньнем пэўных праўдаў гэтай зямлі, якія, на жаль, ня сталіся агучанымі праз афіцыйныя інстытуцыі.”

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць магчымасьці – інтэлектуальныя і фінансавыя – дзеля далейшых дасьледаваньняў?”

(Кашкурэвіч: ) “Нашыя альманахі будуць пераважна тэматычнымі. Першы нумар прысьвечаны вельмі сымбалічнаму слову, якім колісь называлася наша краіна – “Крыўя”, якое праз стагодзьдзі ня можа прабіцца і ўвасобіць сапраўдную сутнасьць, статус нашай краіны, яе стыль і мэнтальнасьць. Беларусь мае яшчэ шэраг назоваў, сымбаляў, знакавых словаў. Наступны нумар будзе прысьвечаны сымбалю “Літва”. Ёсьць патэнцыял аўтараў. Іншая справа, што альманах мае такую спэцыфіку, што ён ня можа быць дыскусійным клюбам. Альманах мусіць даваць гатовыя, завершаныя канцэпцыі. Адпаведны гэтаму будзе і падбор аўтараў. Што тычыцца фінансавага боку, то хачу пахваліцца тым, што Цэнтар этнакасмалёгіі цягам усіх 18 гадоў ня меў ніводнага рубля ад нейкіх фундацыяў. Усю сваю дзейнасьць мы вялі выключна за свае грошы. Тое ж самае і з выданьнем альманаху “Druvis”.
XS
SM
MD
LG