Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе апазыцыя на выбары "двума калёнамі?"


Алесь Дашчынскі, Менск Мінуў месяц, як на кангрэсе дэмсілаў быў абраны адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч. За гэты час утвораны структуры, якія мусяць працаваць на перамогу адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Ягоны штаб узначаліў Сяргей Калякін, а Нацыянальны камітэт Анатоль Лябедзька. Аднак шэраг вядомых палітыкаў засталіся пакуль убаку ад гэтага агульнага працэсу.

Ня выключана, што за прэзыдэнцкі партфэль могуць яшчэ пазмагацца Аляксандр Вайтовіч, Уладзімер Колас, Васіль Лявонаў, Аляксандар Казулін, Валеры Фралоў і Ўладзімер Парфяновіч. Аднак пакуль афіцыйна яны пра гэта не заявілі. Месяц таму, пасьля абраньня на кангрэсе дэмсілаў адзінага кандыдата ад апазыцыі яны казалі, маўляў, пачакаем, пабачым як заявіць сябе спадар Мілінкевіч. Нагадаем, Валеры Фралоў прагназаваў, што кандыдатаў будзе многа. Аляксандар Вайтовіч казаў, маўляў, ідуць жа некалькі калёнаў. Які ж вынік мы цяпер маем? Старшыня апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў ніякіх дзеяньняў пакуль не прадпрымае.

(Лявонаў: ) “Я хачу аднаго - зьменаў у Беларусі. Ёсьць нейкая каманда, нейкія людзі, нейкія лідэры, вядомыя людзі, менш вядомыя. Яны ўзялі на сябе адказнасьць: мы ўзялі на сябе адказнасьць, мы вам прапануем нейкія дзеяньні. Ну, добра, чакаем. Некуды сьпяшацца нам ня трэба. Мы ведаем, што людзі працуюць.Чакаем.”

Старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас лічыць, што кангрэс і званьне адзінага дае вялікую фору Аляксандру Мілінкевічу і накладае вялікую адказнасьць. Калі зноў будзе паўтарацца тое, што адбылося на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, то ня варта так чапляцца за гэтую мадэль і настойваць на яе даслоўным выкананьні, а шукаць іншыя варыянты. Менавіта да гэтага трэба рыхтавацца.

(Колас: ) “Разам з тым я выказваў і выказваю сваю шчырую гатовасьць працаваць і дапамагаць, калі будуць канкрэтныя прапановы і калі будуць канкрэтныя дзеяньні, разьлічаныя на канкрэтны вынік. Пакуль такіх прапаноў да нас не паступіла і дзеяньняў пакуль, як і ўсе, мы не бачым. Мы ведаем, што там ідзе праца па разьмеркаваньні нейкіх партфэляў, нейкіх абавязкаў, але, напэўна, яна ўжо зацягнулася. Мы на нашай нарадзе абмяркоўвалі сытуацыю і нашую пазыцыю. Калі мы ўбачым, што тое, што адбываецца ў камандзе адзінага, на наш погляд, не будзе весьці да перамогі, будзем думаць пра свой удзел у выбарах. Я лічу, што мы павінны трымаць порах сухім”.

А як бачыць свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах партыя Аляксандра Казуліна? Паводле актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімера Нісьцюка, перадвыбарчым штабам партыі кіруе Мечыслаў Грыб. Створаны абласныя штабы і практычна ўсе раённыя. Там, дзе няма партыйных, іх заменяць структуры ўтворанага спадаром Казуліным руху “Воля народа”. Уладзімер Нісьцюк вызначае дзьве рэальныя сілы, якія могуць між сабой дамаўляцца. БСДП(Г) прапанавала спадару Мілінкевічу перайсьці да кансультацыяў і канкрэтных сумесных дзеяньняў.

(Нісьцюк: ) “У нас ёсьць намер вылучаць прадстаўніка партыі, хутчэй за ўсё яе лідэра, у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Рыхтуем партыю да выбараў. Тое, што паралельна ідзе работа пад адзінага кандыдата, абранага на кангрэсе дэмсілаў, гэта не шкодзіць нікому. Яны знаходзяцца больш у правай частцы палітычнага поля Беларусі, яны больш працуюць з жорстка пратэстным электаратам. Але мы працуем у іншай частцы электарату, у нас левы электарат. У нас электарат, які ці вагаецца зараз - за каго галасаваць ці той, які ўжо галасаваў за А. Лукашэнку, а зараз паціху пачынае пераходзіць пад нашыя сьцягі. Таму мы ідзем пакуль дзьвюма такімі калёнамі”.

Нагадаем, некаторыя палітыкі вызначаюцца ў сваіх дзеяньнях у сувязі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў чарговых выбарах. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч лічыць, што вылучаць адзінага трэба было не на кангрэсе, а пасьля яго, у выніку супольнай працы. Паводле Парфяновіча, пакуль ніхто ня ведае, што робіць спадар Мілінкевіч. Па другое, казаць адназначна пра ўдзел Лукашэнкі ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах нельга.

(Парфяновіч: )”А будуць выбары ці не ў Беларусі? Калі спадар Лукашэнка будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта, выбараў у краіне ня будзе. Парушана канстытуцыя і выбарчы кодэкс у мінулым годзе, калі быў рэфэрэндум. Гэтыя выбары павінны адбыцца без спадара Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG