Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узгадняецца бюджэт "саюзнай дзяржавы"


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску беларускія і расейскія экспэрты маюць канчаткова ўзгадняць праект бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы на 2006 год. Затым, у лістападзе, яго вынесуць на разгляд Вышэйшага дзяржсавету. Адначасова Вышэйшы дзяржсавет плянуе разгледзець праект Канстытуцыйнага акту і пытаньне аб тэрмінах правядзеньня рэфэрэндуму. Адразу кідаецца ў вочы, што ніколі раней праект бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы не разглядаўся так рана.

Сёлетні саюзны бюджэт дэпутаты з так званага Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі ўхвалілі толькі 21 красавіка. А падпісаньне яго кіраўнікамі Вышэйшага дзяржсавету і саюзнага ўраду адбылося і яшчэ пазьней. Але ж бюджэт, які традыцыйна называюць галоўным фінансавым дакумэнтам году, звычайна абавязкова зацьвярджаюць загадзя, як правіла, увосень -- на наступны год. Прыкладам, у той жа Расеі так практыкуецца апошнія пяць гадоў. Ды і ў Беларусі два апошнія гады запар бюджэт прымаюць напярэдадні Новага году.

Чаму ж так не атрымліваецца з саюзным бюджэтам? Спэцыялісты перадусім падкрэсьліваюць дзьве рэчы. Першая -- параўнальна невялікі памер бюджэту. Напрыклад, сёлета ён не складае і 100 мільёнаў даляраў. І другое, а хутчэй нават першае. Выказваецца меркаваньне, што так званая Саюзная дзяржава -- утварэньне даволі аморфнае, якое не мае ні сур''ёзнага статусу, ні палітычнай мэтазгоднасьці. І вось што гаворыць пра гэта вядомы эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

(Заіка:) "Сам бюджэт зьяўляецца такім парадным і дэманстрацыйным, паколькі ён не зьяўляецца моцнай падтрымкай фінансаваньня розных аб''яўленых саюзных праграмаў. Таму і адносіны да яго, так бы мовіць, спэцыфічныя. І яшчэ цікава, што кожны бок -- і расейскі, і беларускі -- свае ж грошы фактычна на сябе і выдаткоўвае. Прыкладам, расейцы гавораць, што яны даюць грошы на абсталяваньне памежных пераходаў, але мадэрнізуюць выключна сваю частку мяжы. Дзейнічае так званы паасобны прынцып фінансаваньня праектаў. Таму казаць пра бюджэтны працэс, паводле мерак міжнароднай практыкі, тут наагул складана. Грошы, якія паступаюць у бюджэт, вельмі часта прыходзяць са спазьненьнем. Тут не існуе адказнасьці бакоў за нявыплату сваёй часткі ўнёскаў?!"

Аднак Павал Барадзін -- дзяржсакратар так званай Саюзнай дзяржавы днямі ў інтэрвію расейскай "Независимой газете" літаральна расхваліў дзейнасьць і пэрспэктывы гэтага ўтварэньня. Праўда, як усім добра вядома, спадар Барадзін на сваёй пасадзе зрабіў столькі нечаканых заяваў, раздаў столькі дзіўных інтэрвію, што мала хто з беларускіх палітыкаў успрымае ягоныя дэклярацыі сур’ёзна. Але тое, што не праект саюзнага бюджэту будзе галоўным на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету, дык тут, падобна, Барадзін мае рацыю. Пасьля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Завідаве да паседжаньня 15 лістапада прыцягваецца асаблівая ўвага. І вось як гаворыць пра гэты дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Андрэй Клімаў:

(Клімаў:) "Будзем зыходзіць з таго, што Барадзін -- асоба, якая мае права абмяркоўваць толькі тыя пытаньні, якія яму дазваляе Ўладзімер Пуцін. Абмяркоўваць і рашаць, не перавышаючы межы тых паўнамоцтваў, якія яму акрэсьліў Крэмль як у сфэры кантактаў з беларускім кіраўніком, так і ў праблематыцы саюзнай дзяржавы. Ужо выразна бачна, што 15 лістапада канчаецца тэрмін ультыматуму, які вылучыў Пуцін у Завідава адносна далейшага лёсу саюзнай дзяржавы. Тады ж будзе вырашаны і лёс Лукашэнкі. У якім выглядзе? Я думаю, альбо ён сыходзіць у адстаўку і рыхтуе месца для свайго пераемніка да Новага году, альбо расейцы праз энэргетычны ціск на Лукашэнку (варыянт 19 лютага 2004 году) прымушаюць яго сысьці...".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG