Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павялічваецца колькасьць участковых міліцыянтаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі зьбіраюцца на 45 адсоткаў павялічыць колькасьць участковых міліцыянтаў. Гэтак загадаў міністар унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Навошта спатрэбілася павялічваць колькасьць міліцыянтаў, якія сочаць за парадкам ў беларускіх дамах і кватэрах

Зараз у Беларусі больш за 3 тысячы ўчастковых міліцыянтаў, а пасьля выкананьня загаду міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава гэтых супрацоўнікаў стане болей за 5 тысяч. Расьце бытавая злачыннасьць, усё больш асацыяльных сем’яў, дзе растуць праблемныя падлеткі, а значыць працы участковым усё болей, вось і трэба скараціць памеры участкаў і такім чынам павысіць эфэкт ад працы ўчастковых, вырашылі ў міністэрстве ўнутраных спраў. Там падлічылі – зараз ў беларускіх гарадох участковыя абслугоўваюць участкі, на якіх жывуць прыкладна 4 тысячы жыхароў, а ў сельская мясцовасьці - 2,5 тысячы. А пасьля павялічэньня штатаў у сельская мясцовасьці ўчастковы будзе адказны за участак ў 1,5 тысячы жыхароў, у гарадох – 2 тысячы.

Ці ведаеце вы свайго участковага, ці задаволеныя ягонай працай і ці падзяляеце меркаваньне, што колькасьць участковых трэба павялічыць, каб стала больш парадку?

З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка старшыні БНФ Юрыю Хадыкі. Палітык сказаў, што пазнаёміўся з участковым зусім нядаўна. Той пазваніў у дзьверы, павітаўся і сказаў, што ён новы участковы. На гэтым знаёмства скончылася, больш яны не сустракаліся. Юрый Хадыка жыве ў цэнтры Менска на вуліцы Якуба Коласа. Ён называе свой раён дастаткова спакойным, да таго ж адзначае, што да іх у двары часта наведваюцца патрульныя міліцыянты. Аднак мясцовыя алькаголікі ўсё роўна загаджваюць пад’езды, скардзіцца Юры Хадыка Што да павелічэньня колькасьці ўчастковых у асноўным палітык гэтага не вітае . Стужка 1.

(Хадыка: ) “Нам ні ў якім выпадку не патрэбна, у нас дастаткова міліцыянтаў. Можа дзе на ўскрайку, ня ведаю. Але трэба ўлічваць, што п’янства ў нас не становіцца меншым , а чалавек нападпітку заўсёды спараджае канфлікты. Літаральна два дні таму ехаў ў тралейбусе з нашага паседжаньня і нейкі п’яны зусім мужчына выказваўся, нават агрэсіўна. Добра што я быў спакойны і ён паступова суцішыўся і сышоў. Канешне, міліцыя як структура, якая мусіць падтрымліваць парадак, патрэбная. Але наконт таго, што яе трэба павялічваць, не перакананы. Яе ў нас адносна насельніцтва значна больш, чым, прыкладам, у Польшчы. І калі яе павялічваюць, гэта прыкмета таго, што няма парадку ў грамадзтве”.

Аналягічныя пытаньні наконт участковых я задаў кінарэжысэру, аўтару вядомага фільма “Звычайны прэзыдэнт” Юрыю Хашчавацкаму. Рэжысэр жыве ў адным з высотных дамоў на прывакзальнай плошчы Менска, дзе ў дварах – трывалыя канфлікты, бойкі і п’янкі. Аднак свайго ўчастковага Юрый Хашчавацкі ня ведае, бо той да іх ніколі не заходзіў. Увогуле рэжысэр лічыць, што дадатковыя ўчастковыя спатрэбіліся зусім не для тых мэтаў, якія дэкляруюцца.

(Хашчавацкі: ) “Са слова правапарадак у нас у Беларусі зьнікла права, а толькі застаўся парадак. Парадак наводзяць, але права няма. Мяркую, гэта робіцца ў сьвятле падрыхтоўкі да выбараў. Вось яны зараз спрабуюць набраць такіх службоўцаў, якія не будуць даваць людзям хадзіць па кватэрах, агітаваць, ці яшчэ што. Для гэтага ўсё робіцца”.

У міністэрстве ўнутраных спраў між тым заяўляюць, што да павялічэньня колькасьці ўчастковых палітыка не мае ніякага дачыненьня. А павялічыць штаты ўчастковых міністар Уладзімір Навумаў загадаў да лістападу наступнага года. Прэзыдэнцкія выбары на той момант ужо мусяць адбыцца.

.
XS
SM
MD
LG