Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Людзі на балоце" не Колас напісаў?"


Іна Студзінская, Менск Сёньня - 123-я гадавіна з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры, народнага паэта Якуба Коласа. Што ведаюць пра яго творчасьць мінакі на плошчы Якуба Коласа ў Менску?

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, дзе, у якім месцы мы знаходзімся, каму гэта помнік?"

(Спадар: ) "Помнік беларускаму паэту Якубу Коласу. Гэта клясык беларускай літаратуры, як і Янка Купала, Максім Танк".

(Карэспандэнтка: ) "А што ён напісаў?"

(Галасы: ) "Тут вось - Сымон-музыка". "А Новая зямля" - гэта ён напісаў?"

(Юнак: ) "Справа ў тым, што ня ўсё адразу прыгадаеш. Помніш, калі пастаянна перачытваеш. Але гэта не азначае, што наша моладзь неадукаваная і непісьменная"

(Карэспандэнтка: ) "Але Якуба Коласа не перачытваеце?"

(Юнак: ) "Шчыра - не. Я зараз наагул "Вайну і мір" Талстога чытаю".

(Хлопец: ) "Гэта беларускі пісьменьнік Якуб Колас".

(Карэспандэнтка: ) "А што ён напісаў?"

(Юнак: ) "Жаба ў каляіне" - гэта ён напісаў?"

(Карэспандэнтка: ) "Ну, я думаю, гэта байка Кандрата Крапівы".

(Юнак: ) "Ой, выбачайце, калі ласка..."

(Галасы: ) "Не памятаю, што ён напісаў". "Мой родны кут" - гэта Колас напісаў?"

(Карэспандэнтка: ) "А можа, скульптурныя кампазыцыі вам падкажуць? Зь якіх яны твораў, не памятаеце?" - "Маўчок".

(Галасы: ) "А можа, "На ростанях"? Ці гэта ня ён пісаў?" "Сымон-музыка", "Дзед Талаш". "Там стаяць два помнікі - адзін "Сымон-музыка", а другі - "Новая зямля", напэўна".

(Карэспандэнтка: ) "Можа, нейкі ўрывачак прыгадаеце?"

(Дзяўчына: ) "Край мой родны, край прыгожы, край зямлі маіх дзядоў, што мілее ў сьвеце божым гэтых сьветлых берагоў?.."

(Карэспандэнтка: ) "Дзеці, вы гуляеце каля помніка. Ведаеце, хто гэта такі?

(Дзіцячыя галасы: ) "Якуб Колас. Гэта пісьменьнік".

(Карэспандэнтка: ) "А што напісаў? Вось вы тут поўзалі па скульптурных кампазыцыях. Хто гэта?"

(Дзеці: ) "Ня ведаем". "Гэта царэўна і яшчэ хтосьці"...

(Галасы: ) "Што напісаў, не памятаю", "Ня ведаю", "Не прыгадаю адразу", "Новая зямля" - пра сябе пісаў, пра сваю зямлю"

(Бабуля: ) "Новая зямля" ён напісаў. "Сымон-музыка", "Пра Алёнку". Такое нельга не памятаць - як дзед Талаш лясамі ў балота немцаў заводзіў. Вельмі прыгожае месца гэта плошча, куды можна прыйсьці, пакланіцца, прывесьці дзяцей".

(Галасы: ) "Не памятаю", "Нейкі дзед Талаш, скрыпач"

(Карэспандэнтка: ) "Сымон-музыка".

(Юнак: ) "Гэта ён напісаў? Мне здавалася заўсёды, што гэта Янка Купала".

(Дзяўчына: ) "Людзі на балоце".

(Карэспандэнтка: ) "Іван Мележ "Людзі на балоце" напісаў"

(Сяброўка дзяўчыны: ) "Як сорамна! У цябе 10 балаў па цэнтралізаваным тэставаньні па беларускай мове, і ня ведаеш".

(Карэспандэнтка: ) "Няўжо не чыталі "На ростанях", "Новую зямлю"? Можа, радкі прыгадаеце, вучылі ж у школе?"

(Дзяўчына: ) "Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы. Не раз, стомлены дарогай... жыцьцём...цябе я ў думках прыгадаю" - а далей не памятаю"

(Карэспандэнтка: ) "Пасьля школы не перачытвалі ні разу?"

(Дзяўчына: ) "Не, не давялося"
XS
SM
MD
LG