Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Полаччыне высякаюць старасьвецкі парк


Вінцэсь Мудроў, Полацак Апошнім часам шмат гаворыцца пра неабходнасьць разьвіцьця экалягічнага турызму. Пагатоў, база дзеля гэтага ў нас багатая: узяць тыя ж старасьвецкія паркі. Аднак да гэтай пары многія зь іх недагледжаныя і занядбаныя, а ў некаторых зь іх разам з пажоўклай лістотай падаюць долу сьпілаваныя векавыя дрэвы.

На Полаччыне захавалася некалькі старых, панскіх, як у нас кажуць, паркаў: у Бязьдзедавічах, Рудні, Быкаўшчыне, нарэшце, на ўскраіне пасёлка Ветрына. Апошні са згаданых паркаў называецца Бадзінаўскім і створаны пазамінулым стагодзьдзем. Пра ягоную адметнасьць з-за браку часу казаць не выпадае. Заўважу толькі, што паглядзець на яго прыяжджалі нават замежныя госьці, пагатоў, там ёсьць унікальныя дрэвы, у тым ліку і ці адзінае ў Беларусі дрэва-альтанка. Днямі я наведаў парк і налічыў там пяць сьвежых пнёў: хтосьці панадзіўся пілаваць стогадовыя ліпы ды клёны на галоўных паркавых прысадах. Прычым, пні былі замаскаваныя: закіданыя гальлём і палай лістотай. Але й гэта яшчэ ня ўсё: галоўная паркавая дамінанта: волат-дуб, якому ня менш, як 500 гадоў, паўстаў напалову спаленым ля камля і, відаць, хутка абрыне на зямлю. Як высьветлілася, падпалілі дуб зусім нядаўна.

Выглядае на тое, што лёсам парку цікавіцца толькі адзін тамтэйшы чалавек: дырэктар Ветрынскай школы мастацтваў Уладзімер Амосаў. Ён зьвяртаўся да ўладаў у справе аховы прыроднага помніку яшчэ да таго, як там пачалі секчы дрэвы. Слова Ўладзімеру Амосаву:

(Амосаў:) “Дзеля арганізацыі турызму ў старых шляхецкіх сядзібах патрэбна няшмат намаганьняў: пабудаваць некалькі гарбатых паркавых масткоў, дзе яны калісьці былі, выкасіць траву, высекчы зарасьці лазы ды алешніку. З гэтым пытаньнем я зьвяртаўся да начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму Пашынскага, але ў адказ -- ні слыху, ні дыху”.

Пабачыўшы, што стары парк зьнішчаецца, спадар Амосаў напісаў таксама ліст на імя старшыні Полацкага райвыканкаму, у якім прапанаваў ўзяць помнік прыроды пад ахову. Ліст быў адпраўлены 24 верасьня, але адказу на яго спадар Амосаў дагэтуль не атрымаў.

Між тым улады ня толькі ведаюць пра гаротны стан парку, але ў свой час нават вызначылі меры па яго ахове і догляду. Вось што сказаў з гэтай нагоды старшыня Ветрынскага пасялковага савету Сяргей Цітовіч:

(Цітовіч:) “Там, за гэтым помнікам прыроды, рашэньнем райвыканкаму замацаваны дырэктар СПТВ-167 Сьверж Аляксандар Канстанцінавіч. Паводле гэтага рашэньня ён павінен і чыстку рабіць, і даглядаць. Тым больш, што ён там жыве непадалёку”.

Старшыня, вядома, меў наўвеце, што парк будуць даглядаць навучэнцы ПТВ. Я патэлефанаваў у вучэльню. Дырэктара не засьпеў, але затое пагаманіў зь ягоным намесьнікам па выхаваўчай працы Людмілай Васілевіч. На маё пытаньне: ці даглядаюць навучэнцы парк, спадарыня Васілевіч адказала: “Не займаемся мы гэтым пытаньнем”. А на пытаньне, ці ведае кіраўніцтва вучэльні пра існаваньне адпаведнай пастановы райвыканкаму, каротка адказала: “Не”. Кола, як бачым, замкнулася.

Мясцовыя жыхары відавочна ведаюць – хто пілуе векавыя ліпы, але гэта іх мала хвалюе. У тым і праблема – і ня толькі Бадзінаўскага парку, але і ўсяго нашага часу, што людзі ў сваёй бальшыні не ўспрымаюць прыроду як эстэтычную каштоўнасьць. Згаданы ўжо спадар Амосаў так пракамэнтаваў сытуацыю:

(Амосаў:) “Культура старых беларускіх сядзібаў – арыстакратычная і каб яе ацаніць, трэба духоўна і эстэтычна ўдасканальвацца. Уявім, што ў старым ангельскім парку хтосьці сьпілаваў некалькі векавых ліп. Гэта б была бяда нацыянальнага маштабу. А ў нас парк – гэта ўрочышча, таму ліпы пайшлі ў катэджы на балясіны”.
XS
SM
MD
LG