Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мэта пікету – нагадаць чынавенству, што вандалізм, які робіцца ў беларускай сталіцы, гэта злачынства"


Любоў Лунёва, Менск Ля будынку № 27 на вуліцы Гандлёвай ля катэдральнага сабору адбыўся пікет на знак пратэсту супраць разбурэньня культурна-гістарычнага помніка пачатку 19-га стагодзьдзя. Так у рэестры пазначаны гэты адзіны будынак, які захаваўся на схіле ад плошчы Свабоды да ракі Сьвіслач. Менгарвыканкам даў дазвол разбурыць будынак, каб на яго месцы пабудаваць праваслаўную духоўную сэмінарыю.

Ля будынку сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і студэнцтва. Сярод іх былі вядомыя мастакі, музыкі, паэты і дзеячы грамадзтва – Алесь Марачкін, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

Будынак № 27 на вуліцы Гандлёвай быў пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Там спачатку быў жылы дом, фасад якога ўпрыгожвалі балконы з унікальнымі ажурнымі парэнчамі з чыгуну. Потым там месьціўся інтэрнат журфаку. У гады студэнцтва там жыў Алесь Адамовіч.

Цяпер будынак стаіць без балконаў, днямі будаўнікі пачалі разьбіраць дах. Побач з будынкам стаіць бульдозэр з так званай “бабай”, які будзе бурыць сьцены. Людзі зьбіралі подпісы мінакоў, якія былі на плошчы Свабоды ў гэты час. Ніводзін чалавек не адмовіўся паставіць свой подпіс.

Сяргей Харэўскі паведаміў Радыё Свабода, што будзе прыходзіць да будынку кожны дзень.

(Харэўскі: ) “Мэта пікету – нагадаць беларускаму чынавенству, што той вандалізм, які робіцца ў беларускай сталіцы, ёсьць злачынствам і грамадзтва сочыць за гэтай дынамікай. Ніводнае з гэтых злачынсваў не застанецца незаўважаным, а заўтра не застанецца непакараным. Досьвед апошніх 10 гадоў паказвае, што грамадзкасьць ня ў стане нічога спыніць. Усе легальныя негвалтоўныя мэтады пратэсту вычарпаныя”.

Мастак Алесь Марачкін:

(Марачкін:) “Я гляджу, што тут ужо шмат моладзі зьбіраецца. Калі ўзяць гісторыю, памятаеце зьнішчаны беларускі тэатар? Тады Іван Іванавіч Антановіч, чыноўнік ЦК КПБ гаварыў, што мы на гэтым месцы збудуем макет, ці, можа, помнічак паставім Дуніну-Марцінкевічу. Цяпер на гэтым месцы будуць гэты гатэль “Эўропа”, якога там ніколі й не было… Усё зьмяшалася ў доме, як казаў клясык”.

Паэт Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Вырашыў гэтым разам здрадзіць сваёй ляноце. Напраўду, ёсьць такія рэчы, якія ад нас вымагаюць лёгкай актыўнасьці і лёгкага супрацьстаяньня халоднай восені”.

Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч:

(Вайцюшкевіч: ) “Я як нармальны чалавек, які жыве ў Менску ўжо 15 гадоў, саромеюся, бо ніхто ня дбае пра спадчыну, і мне сядзець дома папросту сорамна. Нам трэба нейкім чынам сказаць: “Хлопцы, начальнікі, што ж вы робіце!?”

Уладзімір Папруга, які два гады працаваў галоўным дзяржаўным інспэктарам у ахове гісторыка-культурнай спадчыны, нагадаў, што дзеля таго, каб выключыць нейкі аб''ект з рэестру культурна-гістарычнай спадчыны, трэба мець Пастанову Савета Міністраў.

Сёлета 13 траўня яго звольнілі.

(Папруга: ) “Міністэрства культуры, якое павінна ахоўваць гісторыка-культурную спадчыну на сёньняшні дзень пераўтварылася ў дзяржаўны орган, які папросту легітымізуе знос гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Адпаведна лёгіцы нашых так званых спэцыялістаў, можна разабраць будынак, пасьля зрабіць муляж і па-ранейшаму ён будзе гісторыка-культурным аб''ектам”.

Будынак №21 на плошчы Свабоды, які на сёньняшні дзень не існуе, таксама знаходзіцца ў сьпісе гісторыка-культурных аб''ектаў. Яго зьнішчылі. Потым, калі грамадзкасьць пачала пратэставаць, сьцяна, якую не пасьпелі зьнесьці, стаяла нейкі час, падпёртая мэталічным каркасам. Разбурылі і яе. Але ў рэестры будынак дагэтуль застаецца.

Два тыдні таму на рагу вуліцы Калектарнай былі зруйнаваныя два дамы. Яны таксама былі помнікамі архітэктуры ХІХ стагодзьдзя. У 1902 годзе там праходзіў зьезд прадстаўнікоў сіянісцкіх арганізацый Расейскай імпэрыі, дазвол на правядзеньне якога даваў міністар унутраных справаў. Такім чынам завяршылася зьнішчэньне ўсяго кварталу на колішняй вуліцы Габрэйскай.

Дом №27 на Гандлёвай вуліцы апошні, які захаваўся на схіле ад верхняга да ніжняга рынкаў Менску дасавецкага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG