Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтуюць заяву А.Лукашэнкі пра чарнобыльскіх дзяцей?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня пад час нарады ў пытаньнях санаторна-курортнага лячэньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць “абсурдам, калі з чарнобыльскіх раёнаў, якія пацярпелі ад радыяцыйнага ўзьдзеяньня, мы пасылаем лячыць людзей туды, дзе вялікае ўзьдзеяньне сонечных промняў”.

Невядома, ці трапіць такі пасаж Аляксандра Лукашэнкі ў праект указу “Аб санаторна-курортным лячэньні і аздараўленьні насельніцтва”? які з 1 студзеня 2006 году мусіць уступіць у дзеяньне. Але па выніках нарады А.Лукашэнка даручыў дапрацаваць гэты дакумэнт. Асноўная яго задача ў апытмізацыі сыстэмы санаторна-курортнага лячэньня і аздараўленьня.

Старшыня беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы мяркуе, што А.Лукашэнка наўрад ці мае на ўвазе Кубу, калі гаворыць пра вялікае ўзьдзеяньне сонечных промняў на чарнобыльскіх дзяцей. Спадар Грушавы згадаў, што на пачатку 1990-х былі выпадкі, калі дзяцей накіроўвалі на Кубу. Але калі ўявіць такую сытуацыю цяпер?

(Грушавы: ) “Калі сёньня Фідэль запрашае нашых дзяцей туды, напрыклад, 100 тысяч дзяцей, у сваю краіну, на адпачынак. Хтосьці пачне перашкаджаць гэтай прапанове? Ды ніколі?.. Таму што, калі ісьці гэтым шляхам, трэба забараніць дзецям лятаць самалётамі”.

Прафэсар Юры Бандажэўскі лічыць, калі любога чалавека пасадзіць цягам некалькіх дзён, на цэлыя суткі пад сонца, дык гэта, канечне, будзе дрэнна. І тут ня мае значэньня, зь якой канкрэтна зоны ён прыехаў. Але прафэсар Бандажэўскі ў словах Лукашэнкі бачыць іншы сэнс. Кіраўнік краіны адрозна ад афіцыйнай мэдыцыны пацьвердзіў, што чалавек у Чарнобыльскай зоне атрымаў пэўнае ўзьдзеяньне.

(Бандажэўскі: ) “Калі кажуць, што невялікія дозы сонечнай радыяцыі выклічуць сур''ёзныя зьмены, пагоршаць, дык гэта азначае, што ўжо можна канстатаваць, што чарнобыльскае ўзьдзеяньне сур''ёзнае. Таму што любое ўмяшаньне ў арганізм выклікае паталягічны працэс. Вось гэта думка вельмі цікавая”.
XS
SM
MD
LG