Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ў Азэрбайджане рыхтаваўся дзяржаўны пераварот?


Алена Ціхановіч, Прага Сілавыя ведамствы Азэрбайджану ўчора распаўсюдзілі сумесную заяву, дзе гаворыцца пра новыя падрабязнасьці расьсьледаваньня спробы дзяржаўнага перавароту. Учора ж па дзяржаўным тэлебачаньні краіны быў паказаны зварот некаторых абвінавачаных, якія прызналіся ў сваім супрацоўніцтве з апазыцыяй.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, цягам апошніх двух тыдняў былі затрыманыя 13 былых міністраў, урадавых чыноўнікаў, афіцэраў міліцыі і гаспадарчых кіраўнікоў. Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да перавароту, нелегальным валоданьні зброяй і карупцыі. Як паведамляюць незалежныя мэдыі, затрыманых можа быць да 30, а паводле інфармацыі праваабаронцаў, да 70 чалавек.

Учора адзін з затрыманых, былы міністар фінансаў Фікрэт Юсіфаў у сваім выступе па тэлебачаньні зрабіў прызнаньне, што змова рыхтавалася некалькі гадоў, і што для яе рэалізацыі быў створаны сакрэтны фонд.

(Юсіфаў: ) “У чэрвені 2001 году, калі я рыхтаваў сваю доктарскую працу ва ўнівэрсытэце фінансаў і эканомікі Санкт-Пецярбургу, Гуліеў патэлефанаваў мне са Злучаных Штатаў і сказаў, што ён плянуе неўзабаве вярнуцца ў Азэрбайджан. Ён сказаў мне, што трэба было б вырашыць шэраг праблемаў, перш за ўсё арганізацыйных”.

Гуліеў, пра якога ідзе гаворка, колішні саюзьнік прэзыдэнта Гейдара Аліева і былы сьпікер парлямэнту, які жыве ў эміграцыі з 1996 году. Улады Азэрбайджану абвінавачваюць яго ў буйных расстратах і абяцаюць арыштаваць, як толькі ён вернецца ў краіну. Гуліеў, які стаў лідэрам Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану, зарэгістраваў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, але ягоны плян вярнуцца ў Баку быў сарваны.

Улады лічаць, што прыхільнікі Гуліева зьбіраліся да моманту яго прылёту ўзяць пад кантроль аэрапорт, а затым ісьці маршам у цэнтар сталіцы і зьвергнуць урад.

Паводле заявы арыштаванага Юсіфава, для гэтых мэтаў ён атрымаў 305 тысячаў даляраў і перадаў іх Эльдару Салаеву. Салаеў, якому 72 гады, зьяўляецца сваяком Гуліева, да нядаўняга часу ўзначальваў Акадэмію навук. Салаеў таксама арыштаваны як адзін з арганізатараў спробы перавароту.

Пакуль няясна, ці былі тэлевізійныя прызнаньні экс-міністра Юсіфава зробленыя пад уціскам.

Тым часам лідэр Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану Расул Галіеў не адмаўляецца ад намеру вярнуцца ў Баку. Два тыдні таму, калі ён накіроўваўся на радзіму зь Лёндану, у часе пасадкі самалёта ў Сімфэропалі ўкраінская міліцыя арыштавала яго як асобу, якую шукаюць праз Інтэрпол. Украінскі суд прызнаў патрабаваньні Азэрбайджану палітычна матываванымі і вызваліў палітыка, які вымушаны быў вярнуцца ў Вялікую Брытанію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG