Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны прафсаюз мэталістаў – пад пагрозай закрыцьця


Міхал Стэльмак, Менск Свабодны прафсаюз мэталістаў зьвярнуся да міністра юстыцыі з патрабаваньнем спыненьня антыпрафсаюзных захадаў гэтага міністэрства. Чыноўнікі, на думку прафсаюзнага актыву, спрабуюць незаконным чынам зьліквідаваць іхную арганізацыю.

У звароце, накіраваным Свабодным прафсаюзам мэталістаў (СПМ) міністру юстыцыю Віктару Галаванаву, гаворыцца, што гэтае міністэрства ў дачыненьні да СПМ дзейнічае прадузята. Міню''ст, як вынікае зь ліста, робіць неабгрунтаваныя высновы адносна статусу гэтага прафсаюзу, паколькі СПМ мае колькасьць сяброў, дастатковую для рэспубліканскай арганізацыі. Што тычыцца праверак міністэрства, то, як гаворыцца ў звароце, іх вынікі не адпавядаюць сапраўднасьці.

Гаворыць лідэр СПМ Уладзімер Другакоў:

(Другакоў: ) “Мы ў лісьце напісалі, што Мін''юст праверку не ажыцьцяўляў. Таму што яго супрацоўнікі зьвярталіся толькі ў адну арганізацыю і то там была толькі гутарка, а не праверка. Праверкі, насамрэч, не было. Невядома, на якой падставе яны ўзялі там гэтыя лічбы”.

Як вынікае зь яго тлумачэньня, ліст міністру Галаванаву быў накіраваны пасьля атрыманьня Свабодным прафсаюзам мэталістаў папярэджаньня пра неабходнасьць зьмены свайго статусу, паколькі колькасьць сяброў СПМ менш за 500 чалавек, як таго патрабуе заканадаўства.

Уладзімер Другакоў нагадвае спадару Галаванаву, што летась гэты прафсаюз правярала пракуратура і не выявіла парушэньняў. СПМ таксама адхіляе сьцьвярджэньне Мін''юсту, што ў прафсаюзе стаяць на ўліку 29 сяброў незарэгістраванай суполкі. Паводле спадара Другакова, яны спрабавалі яе зарэгістраваць, аднак сам Мін''юст нібыта гэта рабіць адмаўляецца.

СПМ інфармуе міністра, што цягам доўгага часу адміністрацыі прадпрыемстваў ажыцьцяўляюць мэтанакіраваную дзейнасьць па ліквідацыі арганізацыйных структур прафсаюзу пры поўным бязьдзеяньні органаў улады. Напрыклад, у Барані, што на Віцебшчыне, учыняецца ціск на суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, якая дзейнічае на мясцовым прадпрыемстве “Лёс”. Гаворыць лідэр суполкі Васіль Леўчанкаў:

(Леўчанкаў: ) “Пачалося запалохваньне. Выклікае да сябе начальнік цэха і кажа: вось кантракт, калі выйдзеш з прафсаюзу, падпішам, а не – будзеш на вуліцы. Была праверка, у тым ліку і на нашым прадпрыемстве. Прыяжджаў пракурор, дапытваў рабочых на прадмет таго, у які прафсаюз яны ўваходзяць. У выніку ўсё завяршылася тым, што праверка пацьвердзіла, што ёсьць неабходная колькасьць сяброў прафсаюзу”.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) лічыць сытуацыю вакол Свабоднага прафсаюзу мэталістаў вынікам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў у дачыненьні да незалежнага прафсаюзнага руху. Гаворыць намесьнік старшыні БКДП Мікалай Канах:

(Канах: ) “Я за гэтай зьявай бачу адно: што ўлады хочуць зьліквідаваць незалежныя прафсаюзы. Пра гэта было заяўлена на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў прэзыдэнтам краіны. Пра гэта сьведчаць і тыя праверкі, якія праходзяць у нашых арганізацыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG