Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія амбасадары наведалі Магілёў, зьбіраюцца ў Александрыю


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў Дзесяць амбасадараў краін Эўрапейскага Зьвязу наведалі сёньня Магілёў і напярэдадні візыту ў аблвыканкам сустрэліся з дэмакратычнай грамадзкасьцю гораду. Пасьля гэтага адбылася сустрэча з старшынём аблвыканкама Барысам Батурам.

Падчас сустрэчы з дэмакратычнай грамадой амбасадараў цікавіла сытуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне. Яны хацелі даведацца, ці можа Эўрапейскі Зьвяз прынесьці карысьць разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі амбасадары Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Славаччыны, Літвы, Латвіі, Румыніі, Баўгарыі, Польшчы, намесьнік амбасадара Італіі.

Як падкрэсьліў амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт, Эўразьвяз уважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі, і амбасадары хацелі бы атрымліваць інфармацыю ня толькі зь дзяржаўнай, але і зь іншых крыніцаў.

Амаль дзьве гадзіны амбасадары выслухоўвалі даклады і паведамленьні аб разьвіцьці дэмакратыі ў рэгіёне. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага народнага фронту Рыгор Костусеў нагадаў, што дэмакраты змаглі аб''яднацца ня толькі ў Магілёве і Бабруйску, але і ў правінцыі. Пра аб''яднаньне маладзёвых арганізацый казаў каардынатар Магілёўскай маладзёвай кааліцыі Валадар Цурпанаў, які падкрэсьліў, што Магілёўшчына стала першым рэгіёнам, дзе адбылося такое аб''яднаньне. Паводле яго, для сур''ёзнай кампаніі ў Магілёве патрэбна ня менш за 200 дэмакратычных актывістаў, кожны зь якіх мог бы раскідваць улёткі ў пяцьсот паштовых скрыняў.

Аднак, паводле выступленьняў мясцовых дэмакратаў, сацыяльна-эканамічнае і грамадзка-палітычнае становішча на Магілёўшчыне становіцца ўсё горшым і горшым. Амбасадары даведаліся, што ўлады пазбаўляюць партыйныя структуры рэгістрацыі з падачы старшыні аблвыканкама Барыса Батуры, што ўлады навязваюць выкладаньне курсаў ідэалёгіі, звальняюць з працы апазыцыянэраў, сьцьвярджаюць, што нібыта на Магілёўшчыне назіраецца рост прамысловасьці.

Амбасадарам нагадалі, што ў Магілёве распаўсюджваюцца ўлёткі Рускага нацыянальнага адзінства, а міліцыя ніяк не рэагуе на гэта. Былы выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Павел Усаў узгадваў, як студэнтаў прымушалі хадзіць на датэрміновае галасаваньне, як студэнты для выезду за мяжу мусяць атрымліваць дазвол у рэктара.

На працягу двух гадзін амбасадары атрымлівалі інфармацыю аб парушэньні правоў чалавека. Арганізатар сустрэчы дырэктар Фонду садзейнічаньня ўстойліваму разьвіцьцю Віталь Васількоў выказаў ім падзяку за падтрымку дэмакратычных сілаў. Паводле яго думкі, такія сустрэчы спрыяюць разьвіцьцю дэмакратыі.

(Васількоў: ) "Мы вынікамі сустрэчы вельмі задаволеныя. Мы адчулі ўвагу, падтрымку і спадзяёмся, што гэтыя кантакты на ўзроўні амбасадараў, на ўзроўні краінаў і тая ж цікаўнасьць эўрапейскіх краінаў да Беларусі будзе працягвацца".

Пазьней сёньня амбасадары сустрэліся з Барысам Батурай, які выклаў афіцыйную канцэпцыю разьвіцьця вобласьці. Па заканчэньні візыту ў Магілёў, заўтра, амбасадары зьбіраюцца наведаць шклоўскую вёску Александрыя, Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і помнік польскім вайскоўцам у вёсцы Леніно.
XS
SM
MD
LG