Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два лёсы: беларусы ў Галяндыі


Ганна Сурмач, Прага (эфір 18 кастрычніка 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Анатоль (Гронінгем, Нідэрлянды), Віталій Ліньнік (Тэркрадэ, Нідэрлянды).

Сёньня амаль ва ўсіх рэгіёнах Галяндыі ёсьць прадстаўнікі новай хвалі беларускай эміграцыі. У гэтую спакойную і заможную эўрапейскую краіну беларусы едуць на працу, ратуюцца ад палітычнага перасьледу на бацькаўшчыне ці папросту шукаюць лепшага жыцьця. Пра тое, як склаліся на чужыне лёс двух гарадзенцаў, якія цяпер жывуць у Галяндыі, слухайце ў гэтым выпуску перадачы.

(Сурмач: ) “Былы выкладчык Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту спадар Анатоль працуе ў Галяндыі ўжо 5 гадоў, жыве на поўначы краіны. У свой час ён працаваў лекарам – эндакрынолягам і ўдзельнічаў у арганізацыі эндакрыналягічнай службы Гарадзенскай вобласьці. Мае вопыт як практычнай мэдыцыны, так і навуковай працы, валодае ангельскай мовай. Усё гэта дало магчымасьць яму паспрабаваць знайсьці працу ў замежжы, каб лепш рэалізавацца як навукоўцу”.

(Анатоль: ) “Я меў некалькі кароткатэрміновых кантрактаў, пастаяннага кантракту ня маю. У мяне часовы дазвол на жыхарства таму і атрымліваю толькі кароткатэрміновыя кантракты.

Але найважней тое, што я атрымаў тут добры досьвед навуковай працы, мае навуковыя публікацыі выйшлі ў сусьветна вядомых часопісах.

Я працую ў аддзеле біяхіміі ўнівэрсытэцкага цэнтру Гронінгем, займаюся навуковай працай. Пішам навуковыя артыкулы, рыхтуем навуковыя гіпотэзы, удзельнічаем у навуковых праграмах”.

(Сурмач: ) “Як можна параўнаць узровень навукі ў Нідэрляндах з тым, які Вы бачылі ў Беларусі?”

(Анатоль: ) “Узровень, канечне, нашмат вышэйшы. Тут ёсьць шырокі доступ да інфармацыі, увесь час працуем з інтэрнэтам, кантактуем з навукоўцамі ў цэлым сьвеце. Тут можна знайсьці любую інфармацыю па сваёй тэме, матэрыялы любых навуковых сымпозіюмаў. Тут вельмі добрыя бібліятэкі, можна заказаць любую патрэбную інфармацыю па сваёй праблеме з усяго сьвету”.

(Сурмач: ) “Якія пляны маеце на будучыню, ці будзеце заставацца ў Галяндыі?”

(Анатоль: ) “Ня ведаю, што будзе далей. Спадзяюся, вядома, што кантракт будзе працягнуты. Але тут вельмі важна прабівацца самому, самому знаходзіць вакансіі, фінансаваньне”.

(Сурмач: ) “Ці ёсьць беларусы ў вашым рэгіёне?”

(Анатоль: ) “Ёсьць беларусы. Тых, хто легальна працуе практычна няма. Ёсьць тыя, хто прыехалі па розных іншых прычынах”.

***

(Сурмач: ) “Адзін з тых эмігрантаў, хто прыехаў у Галяндыю, можна сказаць, не зусім па ўласнай волі, палітычны ўцякач зь Беларусі Віталь Ліньнік. Ён таксама паходзіць з Горадні і абодва нашыя суразмоўцы добра знаёмыя між сабой.

Віталь перад выездам у эміграцыю жыў у Менску, працаваў аўтамэханікам. На чужыне апынуўся ў 2001 годзе разам з 21-гадовым сынам. Жонка засталася на Радзіме, бо пакуль не змагла пакінуць састарэлых бацькоў. Цяпер Віталь з сынам жывуць у горадзе Тэркрадэ, на мяжы зь Нямеччынай.

Эміграцыя абярнулася для спадара Віталя цяжкімі выпрабаваньнямі, якія цалкам зьмянілі жыцьцё 50-гадовага мужчыны.

Напачатку Віталь Ліньнік і ягоны сын жылі ў спэцыяльным лягеры для ўцекачоў, дзе амаль тры гады чакалі вырашэньня пытаньня аб прадстаўленьні ім палітычнага прытулку ў Галяндыі”.

(Ліньнік: ) “Я жыў у лягеры. Са мной тут здарыліся два драматычныя выпадкі зь цяжкімі для мяне наступствамі.

Гэта было ў канцы 2001 году. Аднойчы я ехаў роварам, упаў і моцна стукнуўся скроняй. Мяне забралі ў шпіталь, там я праляжаў тры месяцы. Два зь іх я знаходзіўся ў коме. Дактары ня ведалі, ці буду я ўвогуле жыць. Два месяцы я, можна сказаць, быў амаль што на тым сьвеце, нават сына да мяне не дапускалі. Потым я апрытомнеў. Дактары былі дужа зьдзіўленыя! Я вельмі ім удзячны, яны столькі сілаў уклалі ў мяне, столькі энэргіі, шмат сродкаў, каб мяне ажывіць, каб я застаўся жыць. Ведаеце, я, калі ачуняў, нічога ня памятаў, ня ведаў, як завуць майго сына, ня ведаў – хто я і адкуль. Я быў увогуле, як дзіця. Сын потым мне распавёў, як гэта ўсё было”.

(Сурмач: ) “Калі Віталь паправіўся, і справа дайшла да выпіскі са шпіталю, паўстала пытаньне, куды яго выпісваць. І тут пачаліся новыя блуканьні па пакутах”.

(Ліньнік: ) “Потым пачалося нешта, што мне было цяжка зразумець. Справа была ў тым, што мяне ня ведалі, як выпісаць, куды адправіць. У мяне была моцная траўма галавы, і мне нельга было знаходзіцца ў шумным месцы, гэта значыць у лягеры, дзе я да гэтага жыў. Але тым ня менш мяне ізноў туды вярнулі. Пасялілі ў самы тлумны пакой.

Колькі я не зьвяртаўся да дактароў, яны мне гаварылі, што мне катэгарычна нельга знаходзіцца ў шумным асяродзьдзі. У мяне была пашкоджаная тая частка мозгу, якая ўспрымае гук, у выніку я кожны гук адчуваў у шмат разоў мацней, чым звычайна. Вакол усе гучна размаўлялі, слухалі музыку і мне проста не было ўратаваньня ў гэтым пакоі.

Я прымаў вельмі моцныя лекі, я бяз гэтага ўжо не мог жыць. Але адміністрацыя лягера не зьвяртала ніякай увагі на маю праблему. Была такая парадаксальная сытуацыя – дактары дасталі мяне з таго сьвету, затрацілі на гэта шмат сродкаў, уратавалі мяне, а ў лягеры гэта ўсё нішчылася, я ня мог у тых умовах канчаткова вылечыцца.

Так прайшло паўгоду, я ўвесь гэты час ня жыў, а пакутаваў, як быццам бы я ў турме сядзеў і цярпеў катаваньні.

А потым са мною здарыўся яшчэ адзін выпадак. Я ізноў ехаў на ровары”.

(Сурмач: ) “Як, ізноў, чаму Вы адважыліся?”

(Ліньнік: ) “Ну, ведаеце, у мяне тады адзінае ўратаваньне было выехаць зь лягера, дзе я адчуваў сябе, як у камэры катаваньняў. Я стараўся выйсьці адтуль, прагуляцца, але хадзіць было цяжка і я ізноў паспрабаваў сесьці на ровар. Я ехаў памалу па дарожцы для ровараў каля шашы. Ехала машына, кіроўца парушыў правілы і падбіў мяне. Я пераляцеў праз капот і стукнуўся аб бардзюр той жа самай скроняй. Мяне ізноў забралі ў шпіталь. Кіроўца той быў вінаваты ў здарэньні і потым мне далі адваката, каб судзіцца зь ім”.

(Сурмач: ) “Гэтым разам Віталю ізноў дапамаглі дактары, якія вярнулі яго да жыцьця. Зразумела, што са здароўем у яго стала яшчэ горш, але і далей адміністрацыя лягера ня стала лепей ставіцца да ягоных праблемаў са здароўем”.

(Ліньнік: ) “Затым, пасьля той аварыі, калі мяне падбіла машына, я ізноў зьвярнуўся з просьбай, каб мяне перасялілі ў асобны пакой, бо я ўжо ж ня быў вінаваты ў гэтым выпадку, што мяне зьбіла машына.

Лекар, да якога я зьвярнуўся па дапамогу, даслаў некалькі лістоў, дзе ён шмат разоў прасіў, каб мне далі асобны пакой, казаў: "Уратуйце чалавека, бо ён не можа знаходзіцца ў такіх умовах". Але гэтыя лісты былі незаўважаныя, на іх ніяк не рэагавала адміністрацыя лягера.

Я ніколі ня думаў, што ў эўрапейскай краіне будзе такі падман. Мне ўвесь час абяцалі, што адселяць, але гэта былі толькі абяцанкі, яны проста гулялі са мною, як з цацкай”.

(Сурмач: ) “Скажыце, так абыякава ставіліся да ўсіх уцекачоў ў гэтым лягеры, ці толькі да Вас?”

(Ліньнік: ) “Ведаеце, некаторым давалі лепшыя пакоі, бо яны былі больш настойлівыя, чым я, яны пастаянна ўсюды хадзілі і патрабавалі.

Канечне, я мог зьвярнуцца некуды вышэй за дапамогаю, ці, напрыклад, у Чырвоны крыж. Але, разумееце, я быў хворы, я ня мог нармальна гаварыць, я дрэнна арыентаваўся, дрэнна разумеў. Калі б мне ў той час хоць нешта нехта дапамог, я б сёньня пра гэта не гаварыў. Я напісаў лісту ў міністэрства юстыцыі, такі сьціплы ліст, што да мяне такія нечалавечыя адносіны ў лягеры, што так нельга рабіць”.

(Сурмач: ) “Але ж, нарэшце, Вам далі палітычны прытулак і асобную кватэру?”

(Ліньнік: ) “Так, мне потым далі кватэру, разам з сынам, тры пакоі.

Калі мяне падбіла машына, мне тады трэба належала нейкая грашовая кампэнсацыя за шкоду здароўю і гэта мелі быць немалыя грошы. Але ўсё было зроблена так, каб я не атрымаў гэтую кампэнсацыю. Мне прапанавалі, што без усялякіх дакумэнтаў мне выдадуць 3 тысячы эўра ў якасьці як бы кампэнсацыі за маю траўму. На гэтую спробу адкупіцца я сказаў, што пасьля ўсяго, што я перажыў, я ня буду паважаць сябе, калі вазьму гэтую падачку і адмовіўся ад гэтых грошай”.

(Сурмач: ) “Цяпер Вы маеце ўжо жытло, маеце мэдычную страхоўку. Дарэчы, ці даюць Вам сацыяльную дапамогу?”

(Ліньнік: ) “Так, мне даюць грошы на жыцьцё – 550 эўра ў месяц, за кватэру з гэтых грошай я плачу 270 эўра і 100 эўра за камунальныя паслугі, мне застаецца недзе каля 200 эўра. На самае сьціплае існаваньне мне хапае”.

(Сурмач: ) “У чым цяпер Вашыя праблемы, Вы маеце магчымасьць нарэшце спакойна заняцца сабою, паправіць сваё здароўе?”

(Ліньнік: ) “Я маю магчымасьць, маю кватэру, мне плацяць нейкія грошы.

Але мая праблема застаецца ў тым, што я страціў здароўе. Апошні раз, калі лекары рабілі мне сканаваньне галавы, мой доктар мне сказаў, што ў мяне моцная траўма мозгу і паправіць гэта ўжо нельга.

Але калі стаўся першы выпадак, і нават калі гэта здарылася ў другі раз, дактары мне казалі, што я магу яшчэ паправіцца, што я змагу быць нармальным чалавекам, што ўсе наступствы могуць прайсьці, мне патрэбна толькі нармальнае лячэньне і нармальныя ўмовы жыцьця, Але

гэтыя магчымасьці мне не далі ў лягеры. Лекары прыклалі шмат намаганьняў, два разы мяне ўратавалі ад сьмерці, і ўсе іх высілкі потым марнаваліся ў лягеры”.

(Сурмач: ) “Спадар Віталь цяпер марыць толькі пра тое, як вярнуць страчанае здароўе. Жыць у эміграцыі і здароваму нялёгка, а хворы чалавек са сваімі праблемамі тым больш не заўсёды знаходзіць паразуменьне і дапамогу ў чужой краіне.

Уся Эўропа цяпер перапоўнена ўцекачамі з розных куткоў сьвету і ў яе насельнікаў паволі выпрацоўваюцца абыякавыя адносіны да пакутаў тых, хто шукае прытулку ў іхных краінах.

Лёс Віталя Ліньніка сьведчыць пра тое, што ўцекачам трэба дбаць ня толькі аб атрыманьні права на жыхарства ў той ці іншай краіне, але і пра ўласную бясьпеку, пра тое, каб заставацца жывымі і здаровымі, бо гэта найпершыя ўмовы дзеля таго, каб будаваць новае жыцьцё на чужыне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG