Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывістцы “Зубра” далі дазвол на выезд


Альгерд Невяроўскі, Менск Пасьля двухтыднёвай праверкі супрацоўнікі Аддзелу візаў і рэгістрацыяў управы ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёну Менску паставілі штамп дазволу на выезд ва ўсе краіны сьвету ў пашпарт актывісткі апазыцыйнага моладзевага руху “Зубр” Ірыне Тоўсьцік. Цягам гэтых двух тыдняў супрацоўнікі АВІРу вырашалі, ці можа Ірына Тоўсьцік выяжджаць за мяжу, паколькі яе асобай зацікавіліся прадстаўнікі Камітэту дзяржбясьпекі.

23-гадовая каардынатарка праваабарончай службы руху “Зубр” Ірына Тоўсьцік падала дакумэнты на атрыманьне дазвольнага штампу два тыдні таму, але дазволу на выезд адразу не атрымала. Гаворыць Ірына Тоўсьцік:

(Тоўсьцік: ) “Не давалі мне штамп, бо сказалі, што мной зацікавіліся органы глыбокага сьвідраваньня — гэта значыць, КДБ. Казалі, што будзе нейкая дадатковая праверка. Гэта цягнулася два тыдні. Хаця я падавала на паскоранае атрыманьне штампу. Яны хацелі, можа, нешта знайсьці. Гэта звычайна, мой выпадак ня першы. Шмат у каго былі праблемы з атрыманьнем штампу. Проста робяць такую дробную шкоду”.

Сёньня Кастрычніцкі АВІР Менску паставіў у пашпарт Ірыны Тоўсьцік дазвольны штамп. Але наколькі законнай была гэтая праверка дзяўчыны, якая не падазраецца ў крымінальным злачынстве і ня мае перад дзяржавай фінансавых запазычанасьцяў? Вось што гаворыць юрыст ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Ужо дастаткова шмат выпадкаў, калі забараняецца выезд за межы Беларусі асобам, якія актыўна займаюцца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Гэта і апошні выпадак з Казуліным, гэта і выпадак зь Віктарам Карняенкам з Гомелю, і выпадак зь Людмілай Гразновай. Улады гэта выкарыстоўваюць, каб абмежаваць свабоду перасоўваньня палітычных і грамадзкіх актывістаў, людзей, якія знаходзяцца ў апазыцыі да існага рэжыму”.

Ірына Тоўсьцік ужо даўно і актыўна дзейнічае ў руху “Зубр”. У сакавіку сёлета яе выключылі з 5-га курсу Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка — фармальна за акадэмічную запазычанасьць. Сама Ірына Тоўсьцік гаворыць, што з палітычных прычынаў.
XS
SM
MD
LG