Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Der Spiеgel” піша пра беларускіх студэнтаў


Алена Струвэ, Менск Беларускі кіраўнік Лукашэнка ўмела выкарыстоўвае сытуацыю са студэнцкім жабрацтвам, піша нямецкі штотыднёвік “Der Spiеgel”. Большасьць сем’яў у гэтае краіне ня можа заплаціць за вучобу сваіх дзяцей ва ўнівэрсытэтах, тая ж падтрымка, якую дзяржава выдаткоўвае лепшым 100 тысячам беларускіх студэнтаў, ёсьць пасткай для таленавітай моладзі. Рэжым стварае ўсялякія перашкоды на шляху іхнага выезду за мяжу. Пасьля атрыманьня вышэйшай адукацыі беларуская моладзь павінна застацца на радзіме і за мізэрныя заробкі працаваць там, куды разьмяркуе дзяржава.

Будучая спэцыяльнасьць 23-гадовай Кацярыны — лінгвістыка, ангельская і нямецкая мовы. Кацярына вельмі адказная дзяўчына, выдатніца. У выходныя да позьняй ночы сядзіць за падручнікамі і рыхтуецца да ўрокаў, якія ў якасьці настаўніцы-практыканткі вядзе ў адной зь менскіх школаў. У Нямеччыне такія дзяўчаты і юнакі, якія паходзяць з маламаёмных сем’яў, атрымліваюць стыпэндыі з адмысловых фондаў, кшталту Студэнцкага фонду нямецкага народу (Studienstiftung des Deutschen Volkes). На час вучобы ім даюць ільготнае жыльлё ў студэнцкіх інтэрнатах. Пасьля ўнівэрсытэтаў нямецкія выпускнікі самі сабе шукаюць працу.

Але ж Кацярына жыве ў Беларусі, піша “Der Spiеgel”. “Калі я скончу ўнівэрсытэт, дзяржава сама вызначыць, дзе мне працаваць”, — кажа дзяўчына. Гэта будзе праца настаўніцы, хаця Кацярына марыць стаць перакладчыцай — разьмеркаваньне жаданай працы ня дасьць. Дзяржаўная стыпэндыя, якую штомесяц атрымлівае Кацярына ў пераліку на агульнаэўрапейскую валюту, складае 45 эўра. Дзяўчына жыве на кватэры сваякоў і невялікую суму з гэтых грошай аддае ім. Здымаць асобную кватэру для Кацярыны, як і для многіх іншых студэнтаў, рэч немагчымая. Тыя студэнты, якія маюць месцы ў інтэрнатах, плацяць за жыльлё сымбалічную суму — да 6 эўра на месяц. Гэта, як правіла, пакой, разьлічаны прынамсі на чатыры асобы. У інтэрнатах існуе прапускная сыстэма, візыты гасьцей дазволены да пэўнага часу. Што да выдаткаў на самае сьціплае харчаваньне, то яны, паводле суразмоўцаў журналіста “Der Spiеgel”, складаюць каля 50 эўра на месяц.

Нямецкі штотыднёвік знаёміць сваіх чытачоў з Барысам, які нядаўна скончыў унівэрсытэт і мае вельмі прэстыжную ў Беларусі адукацыю праграміста. Пасьля разьмеркаваньня Барыс працуе ў дзяржаўным цэнтры занятасьці моладзі за 100 эўра на месяц. Ён складае адпаведныя праграмы, з дапамогай якіх школьнікі лягчэй вызначаюць сваю будучую прафэсію. Барыс скептычна ставіцца да афіцыйных цьверджаньняў адносна мізэрнага моладзевага беспрацоўя ў краіне. “За тую мінімальную падтрымку, якую дзяржава выдае свайму элітнаму студэнцтву, жыць немагчыма. Мы маем справу са схаваным беспрацоўем”, — піша “Der Spiegel”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG