Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды беларускія тэлевізары зь Беларусі?


Юлія Шарова, Менск Беларускіх вытворцаў тэлевізараў падазраюць у спробах завезьці на расейскі рынак тавары з трэціх краінаў бяз мытнага афармленьня. Фэдэральная мытная служба Расеі цяпер ладзіць адмысловае расьсьледаваньне: гаворка ідзе пра тэлевізары, якія вырабляюцца на прадпрыемствах Беларусі з імпартных камплектных дэталяў.

Як паведаміла ў інтэрвію “Свабодзе” кіраўніца прававога ўпраўленьня Фэдэральнай мытнай службы Расеі Галіна Баландзіна, у адной са свабодных эканамічных зонаў Беларусі наладжаная вытворчасьць тэлевізараў цалкам з чужых камплектных. Ёсьць засьцярогі, што гэтыя тавары трапляюць у Расею і мыта за іх ня плацяць.

(Баландзіна: ) “То бок, калі ідзе звычайная зборка з камплектных, увезеных з трэціх краінаў, у гэтым выпадку, паводле правілаў вызначэньня паходжаньня тавараў, якія дзейнічаюць у Судружнасьці незалежных дзяржаваў, тавары не мяняюць краіны паходжаньня. У нас ёсьць такія зьвесткі пра тое, што могуць на наш рынак увозіцца з тэрыторыі Беларусі пад выглядам беларускіх тавараў тыя тэлевізары, над якімі зробленыя звычайныя зборачныя апэрацыі на тэрыторыі Беларусі. Магу сказаць, што выяўлены вытворца, выяўлены імпартэр”.

Афіцыйных прэтэнзіяў беларускаму богу расейскія мытнікі пакуль не выстаўлялі. Тут, адрозна ад выпадку з імпартам цукру, яшчэ не сабрана дастаткова доказаў. Нагадаем, што расейскія цукравытворцы ініцыявалі нядаўна кампэнсацыйнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да беларускіх канкурэнтаў.

Галіна Баландзіна лічыць, што ў цукравытворцаў ёсьць важкія падставы падазраваць беларусаў у дастаўках белага цукру, вырабленага з імпартаванага сырца, а не з буракоў.

Паводле Галіны Баландзінай, падрыхтаваны шэраг паправак у расейскі Мытны кодэкс. Сэнс зьменаў — беларускім таварам афіцыйна надаюць статус расейскіх, канстатуецца адсутнасьць пунктаў пропуску на мяжы. Раней гэта пазначалася на ўзроўні падзаконных актаў. Аднак разам з тым уводзіцца шэраг абарончых захадаў. Тычыцца гэта менавіта тавараў з трэціх краінаў, што завозяцца зь Беларусі бяз мытнага афармленьня, тлумачыць спадарыня Баландзіна.

(Баландзіна: ) “Мытня проста па асобных відах тавараў, пералік якіх будзе нам даваць нашае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю, мае права правяраць краіну паходжаньня тавараў. Як у выпадку з цукрам. З аднаго боку, беларускія тавары маюць свабоднае абарачэньне, аднак калі па таварах у нас ёсьць абгрунтаваныя сумневы ў тым, ці сапраўды ён выпушчаны на тэрыторыі Беларусі, альбо пад выглядам беларускага ўсё ж да нас цягнуць тавары з трэціх краінаў, мытня атрымае права рабіць асобныя праверкі, скіраваныя на выяўленьне сапраўднай краіны паходжаньня тавараў”.

У выпадку, калі факты пацьвердзяцца, будуць дзейнічаць агульныя правілы мытнага афармленьня тавараў з трэціх краінаў. Але гэта толькі часовы захад — да той пары, пакуль ня будзе сапраўднай агульнай мытнай тэрыторыі. Тут прадугледжваецца аднолькавая мытная палітыка ў дачыненьні чужых тавараў. На сёньня ж Беларусь і Расея па-рознаму абараняюць свае рынкі, канстатуе Галіна Баландзіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG