Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхаіла Марыніча паклалі ў турэмны шпіталь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Стан здароўя Міхаіла Марыніча зноў пагоршыўся, і яго паклалі для лячэньня ў турэмны шпіталь. Сыны Марыніча баяцца ня толькі за стан здароўя бацькі, але нават за ягонае жыцьцё.

Паводле Тацяны Марыніч, жонкі Міхаіла Марыніча, 31 кастрычніка яе мужа зноў паклалі ў турэмны шпіталь на лячэньне. Як лічыць Тацяна Марыніч, стан здароўя Міхаіла Марыніча рэзка пагоршыўся, бо ў памяшканьнях калёніі нізкая тэмпэратура.

(Тацяна Марыніч: ) “У яго проста аняменьне правай паловы тулава. У шпіталі яму будзе лепей, бо там хоць топяць. А ў атрадах стаіць холад. Што да лячэньня, ня ведаю, што яму прапішуць. Неяк лекары вельмі стрымана пра гэта кажуць”.

Тое, што ў калёніі было вельмі холадна, пацьвердзіла і адвакат Валянціна Шаханцова, якая сустракалася зь Міхаілам Марынічам у калёніі ў мінулы чацьвер. Паводле яе, тады ў калёніі яшчэ не тапілі. Ці затапілі ў менскай калёніі цяпер? Дзяжурны калёніі адмовіўся размаўляць на гэтую тэму, і толькі у спэцаддзеле ўдалося атрымаць хаця б нейкія зьвесткі.

(Міліцыянт: ) “У мяне ў кабінэце цёпла, і ва ўсіх кабінэтах, дзе я сёньня быў, цёпла. Але вы дарослы чалавек і разумееце, што нават у дамы адразу цяпло падаць немагчыма. Дзе паветраныя коркі, дзе яшчэ што... Таму...”

Між тым сыны Міхаіла Марыніча занепакоеныя ня толькі станам здароўя свайго бацькі, але нават ягоным жыцьцём. Сын вязьня Ігар Марыніч распавёў Радыё Свабода, што нібыта аддадзены загад на фізычнае зьнішчэньне ягонага бацькі. Ігар Марыніч спаслаўся на добразычліўцаў у спэцслужбах, якія самі выйшлі на кантакт зь ім.

(Ігар Марыніч: ) “Яны сказалі, што, хлопцы, мы хочам вас папярэдзіць, што аддадзены загад аб зьнішчэньні вашага бацькі. Мы ня можам гэтых зьвестак ні абвергнуць, ні пацьвердзіць. Адзінае, што мы можам зрабіць — распавесьці пра гэтую сытуацыю журналістам і гэтым папярэдзіць кіраўнікоў калёніі, кіраўнікоў спэцслужбаў, што мы ў курсе”.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч за кратамі з красавіка 2004 году, яго асудзілі за крадзеж маёмасьці на 3,5 гады зьняволеньня, аднак ён лічыць, што зь ім паквіталіся за пераход у апазыцыю. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG