Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігара Жалязоўскага звольнілі з маскоўскага прадстаўніцтва “Кераміну”


Ігар Карней, Менск Мы ўжо паведамлялі, што шасьцiразовы чэмпiён сьвету ў канькабежным спорце Iгар Жалязоўскi пры канцы мінулага тыдня зьвярнуўся з адкрытым лiстом праз спартовую газэту “Прессбол” да Аляксандра Лукашэнкi, у якiм просiць кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэту абаранiць яго ад кампаніі дыскрэдытацыі.

Падставай да канфлікту з асобнымі чыноўнікамі, як лічыць Жалязоўскі, стала яго адсутнасьць на нарадзе Лукашэнкі з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў 6 кастрычніка. Спартовец называе хлусьнёй цьверджаньне, што ён нібыта “праігнараваў” сход і перакананы: чыноўнікі ад спорту вырашылі “абліць яго брудам і адхіліць ад удзелу ў разьвіцьці беларускага спорту”. Вынікам ціску на фірму, дзе працаваў выбітны спартовец, стала звальненьне Жалязоўскага.

Ігар Жалязоўскі пасьля вяртаньня з Масквы ў Менск амаль адразу ж ад’ехаў лекавацца ў адзін з санаторыяў на возеры Нарач. Сын спартоўца сказаў, што ня ведае, як доўга бацька плянуе там быць.

(Сын: ) “Нават ня ведаю. Але яго пакуль няма, ён на Нарач паехаў”.

6 кастрычніка на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў былі скрытыкаваныя старшыні аб’яднаньняў, якія, паводле Лукашэнкі, займаюць высокія пасады, а нічога ня робяць. Неўзабаве пачаліся кадравыя ракіроўкі, і першай “ахвярай” стаў кіраўнік Беларускага саюзу канькабежцаў Ігар Жалязоўскі. У адкрытым лісьце на імя Лукашэнкі Жалязоўскі апавёў, што даўно быў гатовы разьвітацца з пасадай. Непакоіць іншае: у маскоўскае прадстаўніцтва “Керамін-Цэнтар”, куды ён уладкаваўся летась, затэлефанаваў “кіроўны работнік” аб’яднаньня “Керамін” і запатрабаваў адмовіцца ад паслугаў Жалязоўскага. Была пастаўленая ўмова: далейшае супрацоўніцтва можа быць толькі пасьля звальненьня спэцыяліста.

Жонка Жалязоўскага расказала, што зь фiрмы, нягледзячы на абсурднасьць сытуацыі, мужа звольнiлi. І дадала, што сам Жалязоўскі пакуль ад камэнтароў будзе ўстрымліваецца: маўляў, трэба асэнсаваць тое, што здарылася. У сваю чаргу, у маскоўскім офісе “Керамін-Цэнтар” параілі шукаць Жалязоўскага ўжо ў Менску.

(Супрацоўніца “Керамін-Цэнтру”: ) “А вы хто і што вы ад яго хацелі? Ведаеце, шукайце яго па менскіх тэлефонах”.

Сёньня ў інтэрвію газэце “Спортивная панорама” міністар спорту і турызму Ўладзімер Грыгараў пракамэнтаваў адхіленьне Жалязоўскага ад пасады кіраўніка Беларускага саюзу канькабежцаў. У прыватнасьці, ён сказаў: “Калі чалавеку не хапае часу, каб кіраваць Саюзам, знаходзяць іншага. Без прэтэнзіяў і крыўдаў. Таму ўсё вырашыла грамадзкасьць, якая аддала перавагу Міхаілу Юспу”. Пра ўдзел “грамадзкасьці” ў вырашэньні лёсу Жалязоўскага ў Маскве міністар не сказаў нічога.

Нагадаю, што 25 кастрычніка на канфэрэнцыі канькабежнага саюзу пераемнікам Жалязоўскага быў названы начальнік упраўленьня фізычнай культуры, спорту і турызму Менгарвыканкаму Міхаіл Юспа. Аднак, што магло спрычыніцца да кампаніі перасьледу Жалязоўскага, спадар Юспа гэтаксама ня ведае.

(Юспа: ) “Я бачыўся зь Ігарам ня так даўно, ён прыяжджаў да мяне на працу і пра гэта нічога не расказваў. Былі выключна прафэсійныя размовы адносна далейшай дзейнасьці”.

Сьледам за Ігарам Жалязоўскім пачаліся ратацыі ў іншых фэдэрацыях зімовых відаў спорту. На справаздачнай канфэрэнцыі ад пасады старшыні Беларускай фэдэрацыі фрыстайлу адхілены былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Яго замяніў намесьнік міністра фінансаў Анатоль Сьверж. За год да завяршэньня тэрміну пераабраны старшыня Беларускай фэдэрацыі біятлёну Леанід Ерын. Праўда, адрозна ад іншых канфэрэнцыяў, дзе кіраўнікоў памянялі бязь іхнага ўдзелу, Ерын сам папрасіў прыняць на ўвагу “зьмену сытуацыі, месца працы і рэкамэндацыі прэзыдэнта НАК”. Кіраваць “лыжнікамі-стральцамі” будзе старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.
XS
SM
MD
LG