Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень памяці продкаў - Дзяды.


Галіна Абакунчык, Менск Як яго будуць адзначаць вядомыя ў краіне людзі: палітыкі, грамадзкія дзеячы й прадстаўнікі творчай інтэлегэнцыі?

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін традыцыю адзначаць Дзяды засвоіў яшчэ ў дзяцінстве. Вось як гэта адбываецца.

(Барадулін: ) “Традыцыйна, па-вушацку адзначаем: варацца стравы, клёцкі, поліўка. Гэта ад мамы памяць засталася”.

Акадэмік Іван Нікітчанка, кажа, што Дзяды ён адзначае з часоў новага беларускага адраджэньня, якое распачалося разам з нараджэньнем Беларускага народнага фронту. Але зараз гэта сталася традыцыяй для ўсёй ягонай сям''і.

(Нікітчанка: ) “З 1988 года распачалі адзначаць, калі распачаўся гэты рух Беларускі народны фронт. А так мы ж ня ведалі пра гэта – былі камсамольцы, піянэры. Звычайна на могілкі ежджу да маці ў Жодзіна, да цёшчы ў Стайкі. Для мяне гэта памяць пра маіх продкаў, якія мяне нарадзілі, выгадавалі, выхавалі. Ну, й перадаю гэтую памяць сваім нашчадкам, каб яны таксама адчувалі гэтую памяць і не забывалі, што гэтыя людзі былі. Гэта ж старажытная традыцыя, якую ня мы прыдумалі, а нашыя далёкія продкі”.

Дырэктар зачыненага беларускага ліцэю Ўладзімер Колас таксама вырас у савецкай традыцыі атэізму. Але памяць продкаў ягоная сям''я таксама адзначае заўжды.

(Колас: ) “Увесь час на Дзяды мы звычайна наведвам могілкі й у гэты час, безумоўна, узгадваем сваіх продкаў. Касьцёл і царкву не наведваем, бо выхаваныя як атэісты. Не зьбіраемся потым за сталом, а сустракаемся на могілках і туды бяром нейкі пачастунак. Хто не за рулём, той падымае невялікую чарку. На вялікі жаль, часта наведвацца на могілкі – няма такой магчымасьці. Таму, гэта якраз той час, каб паглядзець магілкі, прывесьці іх у парадак. Гэта якраз тое месца, дзе мы сустракаемся са сваімі сваякамі й узгадваем тых, каго з намі няма”.

Для сям’і старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава традыцыйна адзначаць праваслаўную Радаўніцу. А шанаваньне Дзядоў ён распачаў адносна нядаўна, калі стала вядомая праўда пра Курапаты...

(Трусаў: ) “Па-першае, я ўжо шмат гадоў бяру ўдзел у шэсьці ў Курапаты. Але на маёй радзіме, у Мсьціслаўі, у асноўным адзначаюць памяць продкаў вясною, на Радаўніцу. І наколькі я памятаю з маленства, то Дзяды мы не адзначалі, але памятаю, як хадзілі на магілы продкаў з бабулямі, прабабулямі на Радаўніцу. Іншая рэч, што восеньню хадзілі на могілкі, каб прыбраць сьмецьце, пафарбаваць агароджу й гэтак далей. Гэтак у лістападзе, перад сьнегам рэгулярна хадзілі й восеньню”.

Для заснавальніка і лідэра папулярнага этна-калектыву “Троіца” Івана Кірчука Дзяды – натуральнае сьвята, якое ён памятае з раньняга дзяцінства.

(Кірчук: ) “Я каталік і мы заўсёды ходзім на могілкі з сястрой. Дахаты я не магу даехаць, таму што бацькі ў Лідзе. А тут, у Менску, мы ходзім на могілкі да сьвятароў, якіх няма ўжо. Я нарадзіўся ў сям''і, дзе бацькі веруючыя людзі. Па лініі бацькі нават ёсьць ксяндзы, а таму для мяне Дзяды былі заўсёды, нават калі забаранялі хадзіць у касьцёл”.

Вядомы мастак Аляксей Марачкін паведаміў Свабодзе, што ягоныя Дзяды – гэта ня толькі памяць пра далёкіх продкаў, але й шанаваньне памяці сваіх памерлых сяброў. Гаворыць Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) “Нашыя Дзяды жывуць у нашых сэрцах. Гэта, нібыта, ня новая думка, але гэта так і ёсьць. Бо сёньняшнія мае Дзяды – гэта Пётар Драчоў, які сёлета адышоў – мастак, блізкі сябар Уладзімера Караткевіча. Сёньняшнія Дзяды – гэта Яўген Кулік, якому мы ўсталёўваем помнік. Сёньняшнія Дзяды – гэта й мае бацькі. Я ўжо ў такім веку, што мы ўжо падлічваем наш і Мэмарыял і Мартыралёг. Пагэтаму для мяне – гэта такі сьветлы смутак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG