Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2 лістапада 1648 году ўпершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром.


RFE/RL Здарылася гэта не на беларускіх, а на ўкраінскіх землях. Загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі і закатавалі больш за 12 тысяч габрэяў.

2 лістапада 1939 году на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон пра ўлучэньне Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньне яе ў Беларускую ССР. Цікава, што ў складзе Заходняй Беларусі тады былі гарады Вільня і Беласток, якія сёньня належаць адпаведна Літве і Польшчы.

2 лістапада 1699 году нарадзіўся Жан Батыст Шардэн, славуты францускі жывапісец. Менавіта Шардэн стаў пачынальнікам рэалізму ў францускім мастацтве.

2 лістапада 1869 году ў Слоніме прыйшоў на сьвет Язэп Стаброўскі – археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з старэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю. У калекцыі Стаброўскага было багата крамянёвых і каменных вырабаў часоў мэзаліту і нэаліту, галава старажытнага ідала, аўтографы і гістарычныя рукапісы сярэднявечча, іншыя рарытэты.

2 кастрычніка 1906 году ў вёсцы Пугаляі на Аршаншчыне нарадзіўся Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзяяч. У 1933 годзе ён скончыў Менскі мэдычны інстытут. А ўжо праз чатыры гады стаў дзяржаўным санітарным інспэктарам Беларусі. Па вайне Зьміцер Бяляцкі доўгія гады быў намесьнікам міністра аховы здароўя БССР. Як навуковец ён праславіўся першымі працамі з гісторыі мэдыцыны ў Беларусі.

Таксама 2 лістапада ў розныя гады нарадзіліся беларускі мастак і паўстанец Міхал Андрыёлі; пісьменьнік Максім Лужанін, які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу “Колас расказвае пра сябе”; а таксама паэт і дзяяч беларускай супольнасьці ў Польшчы Алесь Баршчэўскі-Барскі.

2 лістапада 1967 году ў Менску быў адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. На сёньня гэта – найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, што мае назву -- Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі.
XS
SM
MD
LG